Больш за 30 градусаў і засухі: якім будзе лета ў Беларусі

Улетку чакаецца некалькі хваляў спёкі, якія будуць доўжыцца больш за тыдзень / Еўрарадыё
Улетку чакаецца некалькі хваляў спёкі, якія будуць доўжыцца больш за тыдзень / Еўрарадыё

Лета ў Беларусі будзе вельмі цёплым, а месцамі гарачым, прагназуюць сіноптыкі. Еўрарадыё сабрала чаканні экспертаў на летні сезон і даведалася, як у Беларусі змяняецца клімат у бок пацяплення.

Падрабязныя доўгатэрміновыя прагнозы сіноптыкі даваць не рызыкуюць, але некаторыя тэндэнцыі вылучаюць. Сіноптык Дзмітрый Рабаў расказаў, што ў пачатку лета надвор'е будзе ўмерана цёплым. Моцных дажджоў не прадбачыцца.

Таксама за лета чакаецца некалькі хваляў спёкі, якія будуць доўжыцца больш за тыдзень. Будуць і халодныя дні, але няшмат.

Паводле звестак Белгідрамета, сярэдняя нармальная тэмпература летняга сезона ў Беларусі складае +18 °С. мяркуецца, што летам 2023 года яна падымецца на 1-2 °С. У Інстытуце метэаралогіі і воднай гаспадаркі Польшчы лічаць, што тэмпература паветра будзе на 1,5°С вышэйшая за кліматычную норму.

Более 30 градусов и засухи: каким будет лето в Беларуси
Як змянілася сума тэмператур у Беларусі з 1881 года. Злева — пачатак вымярэнняў, справа — цяперашні стан / undp.org

Беларускі клімат змяняецца па экстрэмальным сцэнары, расказаў дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка.

— Гэты сцэнар прадугледжвае, што канцэнтрацыя парніковых газаў СО2 падвоіцца да сярэдзіны гэтага стагоддзя ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем.

Паводле яго слоў, да канца стагоддзя сярэднегадавая тэмпература ў Беларусі вырасце на 7-8 градусаў.

— Наш клімат будзе такім жа, як цяпер у Турцыі.

Ужо да 2024 года тэмпература ў Віцебскай вобласці можа стаць такой жа, як цяпер у Гомельскай. Калі не будзе стрымлівання выкідаў парніковых газаў, тэмпература працягне імкліва расці, кажа навуковец.

Праблема засухаў летам будзе пагаршацца, бо летнія ападкі стануць радзейшымі, а зімой іх будзе больш.

 

Еўропа рыхтуецца да засухі

Пакуль у Беларусі МНС рэгулярна ўводзіць забароны на наведванне лясоў праз пажаранебяспеку, паўднёвая Еўропа рыхтуецца да засушлівага лета. Некаторыя краіны ўжо пакутуюць на недахоп вады, піша Reuters. Змяненне клімату робіць рэгіён больш гарачым і складаным для вядзення сельскай гаспадаркі. Летась Еўропа сутыкнулася з самай моцнай засухай за апошнія 500 гадоў.

Кліматолаг і дырэктар французскага Інстытута П'ера-Сімона Лапласа Рабер Ватара таксама кажа пра неабходнасць скарачэння парніковых выкідаў і ўплыву чалавека на навакольнае асяроддзе.

— Урады спазняюцца. Кампаніі спазняюцца. Некаторыя кампаніі нават не думаюць мяняць мадэль свайго спажывання, яны проста спрабуюць знайсці нейкія цуда-тэхналогіі, якія прынясуць ваду, — заключае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі