BosaeSonca “Zalaty”
Дэбютны альбом, які самі музыкі называюць канцэптульным "the best" за шэсць гадоў існавання гурта.
Як ні вярці, але агляд трэба пачаць з прызнання ў зычлівым стаўленні да музыкаў гурта BosaeSonca, менавіта не да творчасці, а да іх асобаў. Прычым, гэтае прыязнае стаўленне народжанае ніадкуль, бо нельга сказаць, што мы неяк сябруем, ці мелі колькі начных адкрытых гутарак “за жыццё”...
Дэбютнік “Zalaty” толькі ўмацаваў гэтую першапачатковую прыхільнасць, хоць і пакінуў месца для абмеркавання. Пачынаецца альбом са струннага інтра, якое дакладна перадае настрой усёй пласцінкі. Першая ж песня “Адпусці” нібыта выцякае з яго, і далей усе 11 трэкаў альбома льюцца суцэльнай плынню. Складана сказаць ці BosaeSonca адмыслова падганяла адно да аднаго заканчэнні і пачаткі песень, але часам здаецца, што так і было, бо пераходаў з трэка на трэк натуральна можна не заўважыць.
“Zalaty” натурална адкідае ў сярэдзіну-канец 90-х гадоў, калі з’явіліся такія шэдэўры, як “Fake Plastic Trees”, “Street Spirit”, “Karma Police”, “Paranoid Android”, “No Surprises”, “Creep” нарэшце. Адчуванне, што ўсё гэта ўжо было ў старога Radiohead, не пакідае амаль усе 40 хвілін гучання альбома. За выключэннем некалькіх згадак “Торбы на кручы”, як, напрыклад, песня “Люблю”, дзе чуецца “Не псих”.
Але самае цікавае, што падабенства гэтае выключна ў падачы, у манеры выканання, надрыўнасці і тужлівасці песень. Такой жа багаты малюнак бас-гітары, тыя ж рваныя гітарныя рыфы ды вакальныя гульні з павольнымі пералівамі ды выхадамі на фальцэт. Але сказаць, што песні альбома “Zalaty” падобныя меладычна на песні, напрыклад, “Ok Computer” — нельга.
Лідар гурта Алесь Кот-Зайцаў пераконвае, што з творчасцю брытанцаў не вельмі знаёмы, што толькі цяпер пачаў уважліва да іх прыслухоўвацца. “Гэта выпадковасць, — кажа ён. — Было жаданне зрабіць нешта заходняе мэйнстрымавае, а што атрымалася, то атрымалася”. А атрымалася насамрэч вельмі моцна і прыгожа. Нягледзячы на ўсе ўзнікшыя паралелі, можна сказаць, што гучыць BosaeSonca з разынкаю, запамінальна і пазнавальна.
Прычым, вялікую частку гэтай разынкі стварае струннае трыа ды гукі баяну. Баян увогуле ў гэтым выпадку — сапраўднае вынаходніцтва. Зноў жа, звяртаючыся да словаў лідара гурта, гэты інструмент з’явіўся, бо не ўмеюць музыкі працаваць з камп’ютарнымі гукамі ды рознымі фільтрамі-прымочкамі, а баян іх замяняе. Выдатна! Хочацца параіць музыкам увогуле камп’ютар не ўключаць, каб не згубіць фішачкі, не пераўтварыцца ў “як усе”.
Смела можна казаць пра тое, што кожная песня “Zalaty” вартая таго, каб стаць хітом. Але сярод іх моцна вылучаюцца “Адпусці”, “Не спі”, песня што дала назву альбому “Золатам” ды ўжо вядомы трэк “Зіма”. І замест P.S. хацелася б параўнаць уражанне ад дыску з сітуацыяй у якую часам трапляюць школьныя настаўнікі. Вось хочацца паставіць вучню 10, але гэтая адзнака патрабуе пашыраных ведаў, больш чым у падручніку… Трэба ставіць 9, але адказ жа быў такі выдатны… Так і з дэбютнікам BosaeSonca — выдатныя матэрыял, выдатнае выкананне, аранжыраванне, эмоцыя… але нібыта гэта ўжо было.
Альбом даступны на сайтах Тузін.fm ды BosaeSonca.
Трэк-ліст:
01 – Intro
02 – Адпусці
03 – Мары і сны
04 – Золатам
05 – Krzyz
06 – Ніці
07 – Не спі
08 – Люблю
09 – Ільды
10 – Зіма
11 – Outro
Склад BosaeSonca:
Алесь Кот-Зайцаў — вакал, гітара
Аляксандар Ясінскі — баян
Ян Саладуха — бас-гітара
Канстанцін Шакуноў — бубны
Запрошаныя музыкі:
Валянціна Ганчарук — скрыпка
Анастасія Папова — скрыпка
Міхаіл Радунскі — віяланчэль
Аранжыроўкі для струнных інструмэнтаў А. Ясінскі (1, 2, 7, 8, 10)
Запіс — Віталь Кулеўскі, студыя SunFlowers; Алесь Кот-Зайцаў, KilFilstudio; Jan Sikl, Jan Sikl studio
Звядзенне, майстэрынг — Павал Сініла, студыя Everest, Аляксандар Таўрызян (5)
Фота, дызайн вокладкі — Ліза Бахурэвіч, Паліна Гарбатоўская.