Брэстчане працягваюць абмяркоўваць спрэчны помнік у гонар 990-годдзя горада

Грамадскасць Брэста працягвае абмяркоўваць казусную сітуацыю з манументам. Ён быў адкрыты 25 ліпеня падчас святкавання 990-годдзя Брэста. Гэта трох'ярусны манумент з граніту і бронзы. На таблічках помніка спецыялісты налічылі не менш як 75 арфаграфічных памылак. Пасля ўстаноўкі помніка ў жыхароў Брэста з'явілася нямала пытанняў, прычым звязаных не толькі з адукаванасцю яго стваральнікаў. Галоўнае з іх: чаму кампазіцыя выглядае не так, як у варыянце, прадстаўленым грамадскасці? На ўзвядзенне ж помніка па абнародаваным праекце быў аб'яўлены збор сродкаў гараджан.
Каментуе сітуацыю брэсцкі праваабаронца Сяргей Вакуленка:

"З самага пачатку прадугледжваўся адзін варыянт помніка — у канчатковым выніку атрымаўся зусім іншы. Аддзел ідэалогіі гарвыканкама не праінфармаваў насельніцтва аб тым, што помнік будзе відазменены. У сувязі з гэтым я звярнуўся са скаргай у Брэсцкую абласную пракуратуру, з тым каб яны правялі праверку па факце нямэтавага выкарыстання сабраных сродкаў, канфіскавалі і знішчылі першапачатковыя плакаты і вярнулі мне 5 тысяч рублёў, якія я ахвяраваў на помнік. Рашэнне суда было дзіўным — у іску мне адмовілі".

Паводле слоў Вакуленкі, пасля яго чарговых зваротаў прадстаўнікі гарвыканкама паведамілі аб гатоўнасці вярнуць яму грашовыя сродкі. Іншыя жыхары Брэста, якія добраахвотна-прымусова здалі грошы на помнік, відаць, баючыся страціць працу, у суд аб спагнанні сродкаў не падавалі.


БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі