Як з’ездзіць на самы танны метал-фэст у Еўропе

Лета – час фэстаў пад адкрытым небам, у тым ліку і для аматараў цяжкой музыкі. Большасць з іх сабраная на адмысловай старонцы “ALL METAL FESTIVALS AROUND THE WORLD”. Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, здаецца, найбольш вартымі ўвагі застаюцца нямецкі Waken и французскі Hellfest, якія па складзе удзельнікаў задаволяць самы патрабавальны густ. Аднак, калі выпраўляцца на фэст за мяжу, трэба браць у разлік усе магчымыя выдаткі. Мы паспрабавалі знайсці найтаннейшы метал-фэст, сыходзячы з коштаў квіткоў на мерапрыемства і адлегласці. Таксама не пакінулі без увагі кошты ежы і начоўкі.

Найбольш аптымальным варыянтам, на нашу думку, аказаўся фестываль BRUTAL ASSAULT 2015 у Чэхіі, які пройдзе 5-8 жніўня. У сёлетнім лайн-апе — ANNIHILATOR, BIOHAZARD, CANNIBAL CORPSE, CRADLE OF FILTH, KATATONIA, KREATOR, KYPCK, MARDUK, NAPALM DEATH, SOULFLY, SEPULTURA і яшчэ каля сотні гуртоў з усяго свету, якія пачынаюць выступы яшчэ ў першай палове дня, прыкладна аб 11-й, і заканчваюць пасля поўначы.

У свой час на фэсце засвяціліся галоўныя металісты Беларусі гурт Gods Tower. Лідар гурта Лэслі Найф параўновае фэст з музычным кірмашом:

“Гэта такая салянка, дзе можна знайсці метал на любы густ. Не толькі у сэнсе музыкі, але і яе якасці. Трапляе і low-fi, як я гэта называю, а можа быць і вельмі высокай якасці музон. Адным словам, музычны кірмаш”.

АДЛЕГЛАСЦЬ

Месца правядзення фэсту знаходзіцца ад беларускай мяжы ў 650 км. З Варшавы на аўтобусах POLSKIBUS можна даехаць у два бакі прыкладна за 50 еўра. Канцэрты адбываюцца ў у адным з фортаў старой крэпасці у горадзе Ёзэфаў, што ў 150 км на паўночны-ўсход ад сталіцы Чэхіі.

На цягнікі да Прагі для наведвальнікаў BRUTAL ASSAULT дзейнічае зніжка ў 50%,

Каб яе атрымаць, трэба не выкідваць квіток на фэст і паставіць на ім пячатку ў касах фестывалю, а потым прад'явіць яго ў касе чыгункі. Кошт квітка каля 3 еўра ў адзін бок.

Кошт квіткоў на фэст і пражыванне

Кошт квітка на 4 дні фестывалю складзе каля 80 еўра, і па гэтай пазіцыі фэст з’яўляецца самым танным у Еўропе. Танней не знайсці. Але за квіток на адзін дзень фэсту давядзецца плаціць ужо 44 еўра. Нягледзячы на тое, што максімальная колькасць наведвальнікаў фестывалю абмежаваная 15 тысячамі чалавек, і арганізатары папярэджваюць, што на ўсіх квіткоў можа не хапіць, не спяшайцеся: у касах падчас фэсту заўсёды можна купіць квіток амаль без чаргі. Каб падстрахавацца, можна зарэзерваваць квіткі праз электронную пошту.

Месца ў намётавым мястэчку на фэсце каштуе каля 20 еўра, там ёсць душ і прыбіральні і ахова. Таксама можна адшукаць і бясплатнае месца для намёта, але бяспека вашай маёмасці будзе цалкам вашай справай. Па чутках, нягледзячы на адносна вялікую колькасць людзей (каля 10 000), якую у сярэднім збірае фестываль, сур’езных эксцэсаў на ім не здаралася.

Існуе варыянт з браніраваннем гатэля, але ў бюджэтную паездку ён наўрад ці ўпішацца. Яшчэ адзін варыянт — зняць пакой ці кватэру. Кошты за чатыры дні вагаюцца ад 100 да 300 еўра за двухпакаёўку, таму варта паклапаціцца пра сяброў з якімі, вядома, здымнае жыллё абыдзецца танней.

Кампактнасць фестывалю і ежа

Адным з самых важных плюсаў фестывалю ў параўнанні з іншымі з’яўляецца яго кампактнасць. Усё знаходзіцца побач. Сцэны дзве — адна ля другой. Калі адбываецца выступ на адной, на іншай ідзе падрыхтоўка наступнага шоу.

Што тычыцца ежы, то на месцы правядзення фестывалю за 5-6 еўра вы зможаце вельмі добра пад’есці, а за яго межамі, у самім горадзе, вам хопіць і 2,5-3 еўра. Асобна пра піва — яго тут шмат, але на фестывалі прадаюць піва з паніжаным градусам, таму, каб адчуць пэўную “лёгкасць”, спатрэбіцца яго большая колькасць. Кошт куфля піва каля 1-1,5 еўра. Але есць варыянт — спрычыніцца да чэшскай культуры півапіцця ў горадзе перад шоу. На пляцоўку са сваім півам не пусцяць — дзейнічае сур’ёзны кантроль.

З-за чэргаў у прыбіральні можна не пераймацца. Месцаў хопіць усім.

Вось што распавядае сталы удзельнік фестывалю, прадпрымальнік Антон з Мінска:

“Фестываль вельмі дамашні, ён падкупляе сваёй натуральнасцю і невялікай колькасцю народу і, адпаведна, душой і атмасферай. Таму на гэты фэст хочацца вяртацца кожны год”.

Адзначае ён і добры гастранамічны бок:

“Пра ежу ў Чэхіі лепш ніяк ці толькі добра, бо разнастайнасць ежы розных кухняў і краін бударажыць уяўленне, асабліва людзей якія любяць паесці многа і нядорага”.

Фота: Павел Бяссмертны, Кастусь Гомельскі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі