БСДП(Г) выключыла са сваіх шэрагаў Таццяну Караткевіч

 БСДП(Г) выключыла са сваіх шэрагаў Таццяну Караткевіч

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выключыла з партыйных шэрагаў экс-кандыдатку ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч.

У каментары Радыё "Свабода" першы намеснік старшыні партыі Ігар Барысаў паведаміў, што выключэнне амаль не абмяркоўвалася. Згодна са статуам БСДП, партыя павінна прыняць да ведама, калі нейкі яе сябра публічна заяўляе, што ён беспартыйны.  

На мінулым тыдні Караткевіч заявіла журналістам, што спыніла сяброўства ў БСДП. Дакументы ў кандыдаты ў дэпутаты яна перадала ў выбаркам як беспартыйная.

Па словах Барысава, партыя выкрасліла са сваіх шэрагаў яшчэ трох чалавек. Усё гэта звязана з выбарам дэпутатаў у Палаты прадстаўнікоў. Алег Яхімовіч з Маладзечна і Мікалай Мяцеліца з Баранавічаў вылучаныя кандыдытамі ў дэпутаты ад Партыі БНФ. "І заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і наш статут забараняюць адной і той жа асобе быць у дзвюх партыях адначасова", — патлумачыў Барысаў.

А вось Інна Мінянкова з Рэчыцы падала дакументы ў выбаркам як беспартыйная. БСДП(Г) улічыла гэта і развіталася з ёй. Мінянкова пойдзе на выбарах ад грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі