“Будзем радыкальна пераглядаць усё, але захоўваючы пры гэтым усё!”

Калі леташняе Пасланне арыентавала краіну на мадэрнізацыю, то ў Пасланні сёлетнім ніякай задачы-максімум на год няма, адзначае фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб: “Думка, якая была выказаная: “Усё дрэнна, існуючая сістэма працуе неэфектыўна, дзяржаўная сістэма працуе неэфектыўна”, але высноў, якія з гэтага напрошваюцца, што трэба пераходзіць да эканомікі ў прыватных руках, што трэба прыватызацыя, не прагучала. Ніякіх заяў пра тое, у якім накірунку будзе рухацца эканоміка – у якім накірунку мяняць сістэму, сказана не было”.

Затое, адзначае эксперт, ніякіх папулісцкіх абяцанняў гэтым разам кіраўнік краіны не рабіў – адзначыў, што дасягнулі абяцаных заробкаў у 500 долараў, але ні пра 700, ні пра тысячу ў бліжэйшы час не казаў. Дый увогуле, заўважае Вадзім Іосуб, канкрэтныя лічбы амаль не гучалі падчас выступу.

З тым, што задачы на год у Пасланні не былі пастаўленыя, не згодны дырэктар кансалтынгавай кампаніі “Sinkevich Technologies Inc” Аляксандр Сінкевіч.

Аляксандр Сінкевіч: “Асноўная задача – умацаванне ўнутранага рынку – пазначаная, і прасоўванне ў бок эканомікі паслуг. Гэта трэнд, які адпавядае трэнду сусветнаму. Сапраўды, у беларусаў зараз вызваляюцца працоўныя рукі паступова, дзякуючы той жа мадэрнізацыі, якая не ўчора пачалася, а цягнецца ўжо дзесяцігоддзямі. І мы можам згубіць гэтых людзей”.

Шмат увагі ў Пасланні Лукашэнка аддаў на пералік карупцыйных злачынстваў. Але гэта не сведчанне толькі таго, што ён пачаў сваю перадвыбарчую кампанію, упэўнены Аляксандр Сінкевіч. А яшчэ і таго, што дзяржава… будзе вымушаная распрадаваць буйныя прадпрыемствы!

Аляксандр Сінкевіч:Відавочна, што будзе разгортвацца далейшая прыватызацыя, бо дзяржава не ў стане кіраваць шматлікімі актывамі. А гэта заўжды акно магчымасцяў для карупцыянераў”.

Вось, маўляў, іх кіраўнік краіны на будучыню і папярэдзіў. А таксама, праз “моўнае пытанне”, папярэдзіў усіх ахвочых паўтарыць у Беларусі “украінскі сцэнар”.

Аляксандр Сінкевіч: “Гэта артыкуляцыя таго, што Беларусь – гэта самадастатковы суб’ект і ён дасць здачы кожнаму ахвочаму штосьці тут адабраць альбо інтэграваць на не выгадных умовах для Беларусі”.

Шмат цікавых і нават рэвалюцыйных тэзісаў пачуў у Пасланні кіраўніка краіны эканаміст Сяргей Чалы. Гэта тычыцца і прызнання таго, што “і дзяржуласнасцю мы кіраваць не ўмеем” і што “трэба дабіваць прадпрыемствы-зомбі”, якія выжываюць толькі за кошт дзяржаўных датацый. Тым не менш суразмоўца Еўрарадыё сцвярджае: задачы, падобнай да леташняй мадэрнізацыі, гэтым разам Лукашэнка перад краінай не паставіў.

Сяргей Чалы: “Паўсюль ішлі ўдакладненні: калі нейкі моцны тэзіс, то: “Але толькі ў межах абранай парадыгмы, шлях абраны правільны, нічога перабудоўваць не будзем” і гэтак далей. Такім чынам, мэты перад краінай былі пастаўленыя ў рэчышчы: “Будзем радыкальна пераглядаць усё, але захоўваючы пры гэтым усё!” Вось такія абсалютныя супярэчнасці ў вызначэнні”.

Карупцыйную частку Паслання Сяргей Чалы таксама ўспрымае хутчэй як пачатак выбараў-2015.

Сяргей Чалы: “Хваліцца няма чым, мэсыджа няма ніякага, няма ніякага ўяўлення пра будучае і таму – за што хапацца? За тое, што працавала раней! Тая ж самая тэма, якая была з 1994 года. І нават яна выглядае даволі камічна, бо даводзіцца тлумачыць, чаму мы займаемся гэтым 20 гадоў з пераменным поспехам”.

Хаця, кажа, гэта можна лічыць папярэджаннем чыноўнікам, што часы ў краіне складаныя і зараз ім трэба зменшыць свае “карупцыйныя апетыты”, не забываючыся пра сваю лаяльнасць да ўлады.

У любым выпадку, вызначальным для лёсу краіны сёлетняе Пасланне кіраўніка краіны суразмоўцы Еўрарадыё не лічаць.

Фота: naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі