Букмекеры ўключылі Алексіевіч у лік верагодных лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі
Лаўрэат па літаратуры будзе абвешчаны 9 кастрычніка ў 14.00 па мінскім часе.
Сёлета Шведская акадэмія, якой даверана вызначаць пераможцу ў галіне літаратуры, атрымала 210 заявак. 36 аўтараў былі намінаваныя ўпершыню.
Брытанская букмекерская кампанія Ladbrokes прымае стаўкі на тое, хто стане чарговым лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, паведамляе БелаПАН. У спісе найбольш верагодных прэтэндэнтаў на прэстыжны прыз ёсць і беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Яна займае трэці радок у рэйтынгу Ladbrokes, саступаючы толькі японцу Харукі Муракамі і кенійцу Нгугі Ва Тхіонга.
За цыкл сваіх твораў, сярод якіх "У вайны - не жаночы твар", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Апошнія сведкі" і "Чарнобыльская малітва", Святлана Алексіевіч ўжо ўключалася ў спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры ў 2013 годзе.