Былога следчага Аляксея Сянькова асудзілі на 2 гады калоніі за пратэсты

Былога следчага Аляксея Сянькова асудзілі на 2 гады калоніі за пратэсты

Суд Фрунзенскага раёна Мінска 5 кастрычніка прысудзіў два гады калоніі агульнага рэжыму падпалкоўніку юстыцыі ў адстаўцы Аляксею Сянькову.

Як піша праваабарончы сайт "Вясна", 43-гадовага мужчыну прызналі вінаватым паводле артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 

Аляксей Сянькоў з ліпеня 2012 года да 2020 года працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. Пасля падзей 2020 года яго звольнілі па пагадненні бакоў. Затрымалі мужчыну 5 ліпеня 2021 года.

Сянькова абвінавацілі ва ўдзеле ў вулічных маршах 16 і 23 жніўня 2020-га. На судзе экс-следчы прызнаў, што яны з братам прыйшлі паглядзець, колькі людзей выйшла на вуліцы сталіцы, і сфатаграфаваліся.

Суддзя Наталля Бугук спыталася: "Як вы, быўшы супрацоўнікам Следчага камітэта, дазволілі сабе пераступіць праз прысягу і здзейсніць гэтае злачынства?"

Сянькоў адказаў, што не меў палітычных мэтаў, не планаваў выкрыкваць лозунгі: "Хутчэй за ўсё, хацеў убачыць натоўп людзей, прайсціся і паглядзець. Іншага адказу для сябе не знаходжу".

Ягоны малодшы брат — палітзняволены экс-чыноўнік Юрый Сянькоў, асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі