У Гомелі будуць судзіць найлепшага прадпрымальніка вобласці

Раман Напрэеў

Раман Напрэеў / onliner.by

2 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля пачнецца разгляд крымінальнай справы службовых асоб і саўладальнікаў ТДА "Палідрэў". Як піша "Флагшток", Рамана Напрэева, Васіля Кавальчука і Максіма Худана вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры. Ім прагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Самы вядомы з фігурантаў справы — Раман Напрэеў. Гэта адзін з самых уплывовых прадпрымальнікаў Гомельшчыны. У 2009 і 2013 годзе Гомельскі аблвыканкам прызнаваў яго ў ліку найлепшых прадпрымальнікаў вобласці. Напрэеў уваходзіў у склад грамадска-кансультацыйнага савета па развіцці прадпрымальніцтва пры аблвыканкаме.

У 1991 годзе Напрэеў разам з Пятром Худаном (бацькам іншага фігуранта крымінальнай справы) заснаваў "Палідрэў". Пазней да ліку партнёраў далучыўся Васіль Кавальчук, які стаў дырэктарам прадпрыемства. Яны выпускаюць дэталі з пластыку, якія выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні. Прадукцыю закупляе Гомсельмаш, МТЗ, МАЗ, БелАЗ, Амкадор, а таксама расійскія машынабудаўнікі.

Таксама Напрэеў валодае ў Гомелі сеткай устаноў пад брэндам "Чыста", рэстаранамі "Бацькі" і "Фасоль", сушы-барам "Табу". Пасля падзей 2020 года ён выказаў падтрымку Лукашэнку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі