Былы генсакратар NATO: Еўрасаюз і NATO хочуць бачыць Беларусь у сваіх шэрагах
NATO і Еўрасаюз гатовыя ў перспектыве прыняць Беларусь у свае шэрагі пры ўмове правядзення рэформаў. Пра гэта былы генеральны сакратар NATO Андэрс Фог Расмусэн заявіў у інтэрв'ю "Польскаму радыё".
На яго думку, Расія будзе ціснуць на беларускія ўлады. "Мы ўжо бачылі, як Расія падштурхоўвае беларускія ўлады размясціць у краіне базы і забяспечыць прысутнасць расійскіх сілаў у Беларусі на пастаяннай аснове", — патлумачыў Расмусэн.
Ён падкрэсліў, што далейшы лёс Беларусі залежыць толькі ад саміх грамадзян краіны, і параіў браць прыклад з Украіны і Грузіі. "Цалкам магчымы рост апазіцыйных сіл, якія маглі б аказаць супрацьстаянне ўладам у Мінску, і гэта адзіны шлях рухацца наперад", — мяркуе палітык.
Па словах Расмусэна, у ЕС і NATO ёсць цікавасць да ўключэння Беларусі ў свае шэрагі, але для гэтага наша краіна мусіць правесці рэформы. У будучыні Беларусь можа адыграць вельмі важную ролю як буфер паміж Еўропай і Расіяй, дадае былы генсакратар Альянса.