Былы "Макдоналдс" у Беларусі пераводзяць на мясцовыя прадукты

Бургер / pixabay, фота ілюстрацыйнае

Бургер / pixabay, фота ілюстрацыйнае

Рэстараны фастфуду Mak.by (былы "Макдоналдс") пераходзяць на беларускія тавары, цытуе БелТА начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталлю Мельнікаву.

"Праведзеная вельмі вялікая праца з вытворцамі Беларусі. Некаторыя з іх мадэрнізавалі свае лініі на вытворчасцях, каб выпускаць прадукцыю, аналагічную той, якая раней была ў гэтай сетцы. І каб спажывец, прыходзячы ў рэстараны сеткі, бачыў тавар, які адпавядае таму, што было раней", — кажа Мельнікава, але не ўдакладняе, якія менавіта тавары ў экс-"Макдоналдсе" цяпер будуць беларускімі.

У красавіку кампанія "КСБ Віктары Рэстараны", якой належаць сеткі рэстаранаў хуткага харчавання, абвясціла новую назву брэнда. З вясны гэтага года ўсе "Макдоналдсы" ў Беларусі перайменавалі ў Mak.by. Ужо 18 красавіка на рэстаранах пачалі мяняць шыльды.

Новы лагатып кампаніі — жоўтае сэрца на зялёным фоне і стылізаваны надпіс.

"Макдоналдс" пакінуў Беларусь пасля свайго адыходу з Расіі ў 2022 годзе. Спярша меркавалася, што рэстараны будуць дзейнічаць пад расійскім брэндам "Вкусно и точка", але супраць пераходу бізнесу ў іншыя рукі выказаўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага рэстараны паўгода працавалі пад шыльдай "Мы адкрытыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі