Быў менеджарам, і тут кажуць — ідзі забівай: ад чаго расіяне ўцякаюць у Беларусь

Пагаварылі з расіянамі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, і з беларусамі, якія прымаюць іх у сябе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пагаварылі з расіянамі, якія ўцякаюць ад мабілізацыі, і з беларусамі, якія прымаюць іх у сябе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

"Ты не паверыш, што тут. Усе гатэлі бітком. Хацелі пасяліць ноччу чалавека — аказалася немагчыма. Нанятыя ўсе кватэры пасутачна, санаторыі і гатэлі", — такое паведамленне з Мінска атрымаў днямі наш карэспандэнт.

Беларусь яшчэ ніколі не была такім папулярным кірункам для расіян, як у дзень абвяшчэння мабілізацыі. Мы, зрэшты, без асаблівай цяжкасці знайшлі на найбліжэйшыя дні нумары адразу ў некалькіх мінскіх гатэлях.

Каб высветліць, ці перабольшаны ажыятаж, Еўрарадыё паразмаўляла з беларусамі, якія здаюць кватэры ў арэнду, і з самімі расіянамі, якія ратуюцца ў нашай краіне ад мабілізацыі.

“Был менеджером, и тут говорят — иди убивай”: от чего россияне бегут в Беларусь

"Часть ребят остановилась в Беларуси, но для них это промежуточный вариант" / pixabay

"Частка хлопцаў спынілася ў Беларусі, але для іх гэта прамежкавы варыянт" / pixabay

"Палова офіса ўжо зваліла"

У Арцёма (імя змененае) беларускі ПНЖ і расійскі пашпарт. За некалькі дзён да абвяшчэння ў Расіі мабілізацыі ён прыехаў у Мінск. Планаваў вярнуцца ў Маскву і адтуль паляцець у Турцыю, але зварот Пуціна змяніў і яго планы, і планы яго калег.

— Палова офіса ўжо зваліла. Частка хлопцаў спыніліся ў Беларусі, але для іх гэта прамежкавы варынат. У банках Мінска — натоўпы, у салонах мабільных аператараў — таксама. Усе робяць карткі, афармляюць мабільныя нумары.

Арцём і яго калегі жывуць у сяброў і знаёмых. У яго кампаніі працуе шмат беларусаў, так што шукаць наёмнае жыллё не давялося.

Наогул Арцёма не могуць прызваць — ён не лічыцца ні ў адным ваенкамаце Расіі.

— Я не ваеннаабавязаны, але лішні раз рызыкаваць не хачу, таму і не еду ў Расію. Чаму? Таму што нам пастаянна хлусяць. То ў іх вайны не будзе, то мабілізацыі не будзе. Так што я ўпэўнены, што могуць не разбірацца, а проста адправіць у вучэбку.

Нават хлопцам з майго кола зносін прыйшло ўжо столькі позваў, што зразумела — ні пра якія "трыста тысяч" гаворка не ідзе. Так што ў Расію я ні нагой. І з Беларусі буду выязджаць, як толькі дастану квіткі.

Калі б у мяне было больш часу для планавання пераезду, я б нават не разглядаў Беларусь. Але ўсе гэтыя паўгода я не спяшаўся выязджаць з Расіі, не хацеў выязджаць у спешцы. Штудзіраваў англійскую. Ехаць на злом галавы не хацелася.

Арцём быў на антываенным пратэсце 24 лютага. У папярэднія гады ён таксама выходзіў на мітынгі супраць расійскай улады. У дзень, калі Пуцін абвясціў мабілізацыю, для яго нічога не памянялася.

— Усе мае знаёмыя, якія цяпер выязджаюць з Расіі, былі супраць вайны. З некаторымі хлопцамі мы разам хадзілі на мітынгі. Пра хлопцаў з татуіроўкамі "Z", якія цяпер уцякаюць у Тбілісі, я ведаю толькі з сацсетак. Асабіста я ведаю літаральна адну "ўпоратую" пару і некалькіх чалавек, лаяльных уладзе. Пераважная большасць людзей у маім коле зносін супраць вайны. У першыя ж дні вайны генеральны дырэктар кампаніі, на якую я працую, публічна напісаў: усе, хто падтрымлівае вайну, могуць звальняцца сёння ж.

“Был менеджером, и тут говорят — иди убивай”: от чего россияне бегут в Беларусь

Чаму не было сілавога пратэсту? Таму што людзі напужаныя. Дзесяцігоддзямі разгонаў, касманаўтамі, пасадкамі, велізарнымі тэрмінамі. Надзея толькі на тое, што звар'яцелага дзеда знясуць эліты, якія праз яго ўсё страцілі.

Але ёсць і тыя, хто атрымаў позвы — і пайшоў у ваенкамат. Адзін з іх мой былы калега. Цяпер ён расказвае, што з ім адбываецца, у сацыяльных сетках і быццам не асабліва сумуе з гэтай нагоды. Я не ведаю яго пазіцыю, мы не мелі зносіны больш за год.

З тых часоў, як пачалася вайна, Арцём быў толькі ў Расіі і Беларусі. Як ставяцца да рускіх за межамі гэтых краін, ён ведае толькі па водгуках сяброў.

— Мы ізгоі. Для цывілізаванага свету мы найгоршыя людзі на планеце. Кампаніі сыходзяць з Расіі, межы для рускіх закрываюцца. І мы адкінутыя на дзесяцігоддзі назад.

Калі я змагу вярнуцца ў Расію? Я змагу вярнуцца. Пытанне ў тым, ці захачу і ці буду спрабаваць. Я пакуль не ведаю. Кампанія, на якую я працую, яшчэ ў верасні пачала рабіць праграму рэлакацыі. У мяне ёсць досвед неаднаразовай эміграцыі, ёсць досвед жыцця ў розных краінах, мяне гэта не палохае.

Што рабіць тым, хто не можа выехаць? У мяне няма такіх знаёмых. У маім коле зносін людзі з дастаткова высокім узроўнем дастатку. Ёсць на што выехаць, і амаль ва ўсіх ёсць магчымасць аддалена працаваць.
 

"Упусцілі незнаёмага чалавека, гарбатай напаілі, накармілі"

Леанід (імя змененае) вайну сустрэў беспрацоўным. Ён хацеў выехаць з Расіі яшчэ 24 лютага, але магчымасці не было.

У наступныя паўгода ён знайшоў працу, пераводзіў грошы ў гуманітарныя арганізацыі, якія дапамагаюць Украіне, рыхтаваўся да ад'езду з Расіі. Калі пачалася мабілізацыя, ён усё яшчэ не быў гатовы да эміграцыі, але выбару ўжо не было. Сабраў вялікі паходны заплечнік і валізу на колах.

— Квіткоў на самалёт ужо не было. Ні ў якія краіны. Квіткі на цягнікі былі — але толькі на тыя цягнікі, якія праязджаюць блізка да ўкраінскай мяжы. Давялося ехаць на машыне са знаёмымі, якія шукалі спадарожнікаў, каб падзяліць расходы на дарогу.

“Был менеджером, и тут говорят — иди убивай”: от чего россияне бегут в Беларусь

На мяжы з Беларуссю машыну спынілі, у пасажыраў праверылі пашпарты — але дадому расіян не развярнулі, праверка заняла 10 хвілін. Жыллё ў Мінску шукалі значна даўжэй.

— Знайсці жыллё ў Мінску было складана. Мы ехалі міма прыгарадных хостэлаў — усе яны былі занятыя. У першую ноч мяне прытуліў сябар у сваім нумары ў гатэлі. Яго нават нельга было падоўжыць на наступны дзень — усё было забранявана. Давялося выехаць і зноў шукаць, дзе пераначаваць.

Калі на тое, яшчэ ў Маскве мы забранявалі кватэру. Але яна вызвалялася не ў той дзень, калі мы прыехалі ў Мінск. Так што давялося шукаць, дзе спыніцца на гэтыя дні.

Я прайшоўся па цэнтры, зайшоў у нейкі падвал, на якім было напісана — "Хостэл". Гэта быў проста офіс, у якім сядзеў чалавек з камп'ютарам і расказваў, якія ёсць варыянты жылля.

Цэны на жыллё ў Мінску аказаліся вельмі нават еўрапейскімі. За ложак у хостэле прасілі 55 беларускіх рублёў за суткі, за пакой на чацвярых — 125 рублёў, за аднапакаёвую кватэру — 305 рублёў, за двухпакаёвую — 350 рублёў.

— У выніку атрымалася на адну ноч знайсці жыллё праз сяброў. Зусім незнаёмыя людзі пусцілі мяне да сябе дадому ў аднапакаёвую кватэру. Людзі аказаліся такімі гасціннымі, такімі добрымі. Улічваючы, што ў іх было не так шмат месца ў кватэры, яны ўсё роўна прынялі мяне, накармілі, гарбатай напаілі, спаць паклалі. Я быў у шоку.
 

"Хтосьці з заплечнікам, хтосьці з валізай"

Мы пагутарылі з беларусамі, якія здаюць кватэры ў арэнду. Адзін з нашых суразмоўцаў Міхаіл (імя змененае) кажа, што ўвесь яго кватэрны фонд быў здадзены яшчэ да таго, як Пуцін абвясціў мабілізацыю. Міхаіл расказаў нам, што адбываецца з рынкам:

— Тыя кватэры, якія раней каштавалі 50-60 рублёў у суткі, цяпер каштуюць каля 180-200 рублёў. І наймаюць іх на доўгі тэрмін, напрыклад на месяц. Раней папулярнасцю карысталіся двухпакаёвыя і аднапакаёвыя кватэры, а цяпер трохпакаёўкі і чатырохпакаёвыя: людзі наймаюць іх і жывуць разам, як у інтэрнаце. Здадзена наогул усё. У мяне здадзена нават дача без якіх-небудзь камунікацый. Але машын на расійскіх нумарах не шмат: мабыць, у асноўным расіяне едуць цягнікамі, — кажа наш суразмоўнік.

“Был менеджером, и тут говорят — иди убивай”: от чего россияне бегут в Беларусь

Прадпрымальніца са сферы гасціннасці Вікторыя (імя змененае) кажа, што праблемы з браняваннем жылля ў расіян цяпер узнікаюць галоўным чынам таму, што буйныя анлайн-платформы адмовіліся працаваць з беларусамі.

— Таму ім даводзіцца як калісьці даўно проста тэлефанаваць па аб'явах. Але свабодныя кватэры ёсць, і па нармальных цэнах — нельга сказаць, што ўсё зусім ужо дрэнна.

Сярод яе гасцей проста цяпер ёсць тыя, хто ўцякае ад позваў. Большасць з іх — маладыя людзі да 35 гадоў. Некаторыя з іх да гэтага дня ні разу не былі ў Беларусі. І кажуць, што не збіраюцца затрымлівацца тут, што гэта проста спосаб пазбегнуць позвы.

— Калі ты позву не атрымліваеш, ты не парушальнік. А калі ты атрымліваеш, калі распісваешся за яе і не з'яўляешся ў ваенкамат — ты ўхіліст.

Да мяне прыязджаюць менеджары, айцішнікі, людзі, якія валодаюць маленькім бізнесам. Звычайныя людзі, яны такія самыя, як і мы. Яны шэрага колеру ад перажыванняў, яны страцілі краіну, яны не могуць вярнуцца дадому. Хтосьці з заплечнікам, хтосьці — з валізай — такія самыя, як нашы беларусы, якія выязджалі з краіны.

Адзін мой госць купіў квіткі ў адзін дзень. Ён сеў у цягнік — і праз 3 гадзіны мяжа яго рэгіёна на выезд закрылася. Чалавек прыехаў ноччу ў нікуды. Звычайны інтэлігентны хлопец. Ён не збіраецца ні з кім ваяваць.

Можна апраўдаць стаўленне да іх украінцаў, але мяне калоціць, калі расіян пачынаюць гнабіць беларусы. Калі гэта пачынаюць рабіць людзі, якія самі выехалі са сваёй краіны з такіх самых прычын. А некаторыя выехалі, хоць нават ім не пагражаў крымінальны пераслед, выехалі проста таму што ім брыдка жыць у палітычным ладзе, які склаўся.

Беларусы пытаюцца ў расіян, дзе яны былі ўсе гэтыя гады. А дзе вы, беларусы, былі ўсе гэтыя гады? У вас таксама быў складзены пакт аб ненападзе з уладай. Вы спакойна рабілі бізнес і жылі ў гэтай краіне, не абаранялі іншых людзей і права на дэмакратыю. А схамянуліся, толькі калі ўлада перайшла ўсе межы.

Палітычных поглядаў у гасцей Вікторыі няма. Паводле яе слоў, яны проста хочуць захаваць сваё жыццё — і пазбегнуць загаду забраць чужое.

— Ты працаваў менеджарам "Газпрама" — і тут табе даюць аўтамат і кажуць ісці забіваць іншых людзей. А потым што? Пакласці аўтамат і ісці далей працаваць?

Але так, некаторыя з маіх гасцей кажуць, што ў бедных рэгіёнах Расіі сапраўды ёсць людзі, якія ідуць у ваенкаматы добраахвотна — каб зарабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі