Цапкала заявіў, што пасля выбараў збіраецца застацца ў палітыцы
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Валерый Цапкала ў інтэрв'ю TUT.by заявіў, што, незалежна ад вынікаў выбараў, збіраецца пасля іх застацца ў палітыцы.
"Я думаю, што так, — кажа Цапкала. — Паглядзім на тое, як беларускае грамадства само зрэагуе на тую праграму, якую мы прадставім. Ці будзе яно падзяляць мае погляды на мадэрнізацыю".
Таксама палітык хоча пераканацца, "ці ёсць грамадскі запыт на перамены". "Я не магу падвесці тых людзей", — заявіў Валерый Цапкала.
Ён ухіліўся ад прамога адказу на пытанне, ці будзе ён удзельнічаць у вулічных пратэстах у выпадку фальсіфікацыі выбараў. Цапкала негатыўна адносіцца да вулічных пратэстаў, на якіх "пачынаюць нешта біць", але дапускае права людзей на вуліцы мірна выказваць сваё меркаванне.
Валерыю Цапкала 55 гадоў. Ён — індывідуальны прадпрымальнік, былы кіраўнік беларускага Парка высокіх тэхналогій.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.