Цэнтрвыбаркам пачынае выбіваць з выбараў апазіцыянераў?
Першае пасяджэнне ЦВК, на якім перагледзяць рэгістрацыю ініцыятыўных груп дэмактывіста, прызначана на 21 студзеня.
Выбарчы кодэкс напярэдадні мясцовых выбараў у чарговы раз памянялі, але асобныя яго нормы кожны трактуе па-рознаму. Да прыкладу, паводле новых выбарчых правілаў вылучацца кандыдатам у дэпутаты можна толькі па адной акрузе. Менавіта на гэтай падставе, тлумачыць Еўрарадыё сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, нельга ў некалькіх акругах адначасова рэгістраваць ініцыятыўныя групы аднаго прэтэндэнта на дэпутацкі мандат.
Мікалай Лазавік: “Усё гэта звёны аднаго ланцуга “вылучэнне кандыдата шляхам збору подпісаў”. І стварэнне і рэгістрацыя ініцыятыўнай групы акурат і з’яўляецца адным з такіх звёнаў. Грамадзянін проста падманвае і камісію, і выбаршчыкаў, калі заяўляе: “Я прашу зарэгістраваць маю ініцыятыўную групу па дадзенай выбарчай акрузе. Але ж ён не мае намеру там балатавацца! А калі не збіраецца балатавацца, то не мае права там і вылучацца!”
Але насамрэч у Выбарчым кодэксе пра колькасць ініцыятыўных груп нічога не сказана. І гэта дало падставы асобным прадстаўнікам апазіцыі дзейнічаць згодна з прынцыпам “што не забаронена, тое дазволена”. Так, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падаў на рэгістрацыю 7 сваіх ініцыятыўных груп, па некалькі груп спрабавалі зарэгістраваць лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і намеснік лідара руху “За свабоду” Алесь Лагвінец. Ніводнай не зарэгістравалі.
Але ў той жа час у Астраўцы камісія спакойна зарэгістравала па дзве ініцыятыўныя групы актывістаў АГП Мікалая Уласевіча і Івана Крука: у Астравецкі раённы Савет па акругах № 3 і № 15 першага і ў раённы Савет па акрузе № 1 і ў Гродзенскі абласны савет па акрузе № 47 другога.
Праўда, радаваўся Мікалай Уласевіч не доўга — 20 студзеня яму паведамілі, што 21 чысла ЦВК будзе пераглядаць рашэнне сваіх астравецкіх калег. Што выклікала вялікае здзіўленне ў актывіста АГП.
Мікалай Уласевіч: “Яны парушаюць не толькі Выбарчы кодэкс, але і свае метадычныя рэкамендацыі. А там у артыкуле 10.2 запісана, што Выбарчы кодэкс не прадугледжвае адмену рашэння аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Паглядзім, як яны будуць матываваць свае дзеянні”.
А ў тым, што рэгістрацыю яго ініцыятыўных груп анулююць, Мікалай Уласевіч не сумняваецца. Як і не лічыць, што, рэгіструючы дзве групы, ён падманвае выбаршчыкаў адной з іх — дзе не будзе вылучацца і балатавацца кандыдатам у дэпутаты.
Мікалай Уласевіч: “Збор подпісаў — гэта нават яшчэ не агітацыя, гэта ўсяго толькі збор подпісаў. Гэта, так бы мовіць, вывучэнне рэйтынгу, прагляд пазіцыі выбаршчыкаў… Выбары — гэта той трэнд, дзе выбаршчык будзе выбіраць, а тут ніякага падману, я лічу, няма”.
Пасяджэнне Цэнтрвыбаркама прызначана на 12-ю гадзіну. У тым выпадку, калі рэгістрацыю ініцыятыўных груп Мікалая Уласевіча анулююць, ён заўчасна сыдзе з выбарчага марафону: рэгістрацыя ініцыятыўных груп завяршылася 16 студзеня, а вылучацца па партыйных спісах ён не мае права — на Астравеччыне няма рэгіянальнага аддзялення АГП.
Фота: Змітра Лукашука