Чалавека, які захапіў закладнікаў у Сіднэі, вінавацілі ў сэксуальным гвалце
Яго суд быў прызначаны на люты 2015 года.
СМІ пішуць, што стала вядомае імя тэрарыста, які захапіў закладнікаў у сіднэйскай кавярні. Гэта 49-гадовы Мэн Харон Моніс — імігрант з Ірана, які абвясціў сябе шэйхам. Паводле інфармацыі сайта meduza.io, сёлета ў красавіку яму выставілі абвінавачванні ў сэксуальным гвалце 7 жанчын. У кастрычніку Монісу дадалі яшчэ 40 аналагічных абвінавачванняў.
Мужчына знаходзіўся на волі пад закладам у чаканні суда. Працэс быў прызначаны на люты 2015 года.
Раней Моніса падазравалі ў датычнасці да забойства былой жонкі. У 2013 годзе яе ўдарылі нажом, а цела паспрабавалі спаліць.
У 2009 годзе Моніса судзілі за рассылку абразлівых лістоў сем'ям аўстралійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Афганістане. Падчас суда ён абвясціў сябе змагаром за мір. Па выніках разгляду яго прысудзілі да 300 гадзінаў грамадскіх работ.