Чаму Еўропа не прыйшла на выбары?

Аналітыкі мяркуюць, што малая актыўнасць выбарцаў — гэта заканамернае наступства той палітычнай ды эканамічнай сітуацыі, якія склаліся ў краінах ЕС На выбарах у Еўрапарламент, якія прайшлі 7 чэрвеня, зафіксавана рэкордна нізкая яўка выбарцаў. Усяго 43% грамадзянаў ЕС наведалі ў мінулыя выходныя выбарчыя ўчасткі.

На выбарчым участку ў Вільні, які наведала карэспандэнтка Еўрарадыё, за дзве гадзіны, то бок за палову ўсёй яго працы ў дзень выбараў, прагаласавала толькі 283 чалавекі з 2083 зарэгістраваных. Старшыня камісіі віленскага выбарчага пункту №203 Вітаўтас Ляўданскіс параўноўвае цяперашнія выбары з папярэднімі:

“На парламенцкіх выбарах, вядома, больш пасіўна галасуюць, чым на прэзідэнцкіх. Таму што людзі хацелі выбіраць прэзідэнта, гэта мае больш значэння. У мінулы раз усё было больш актыўна. На гэта, безумоўна, ўплываюць эканамічныя ўмовы. Як людзі настроеныя, што людзі бачаць? Ці то настрой пагаршаецца з-за крызісу? Гэта, думаю, таксама ўплывае”.

Менавіта малая яўка зараз з’яўляецца тэмай нумар адзін сярод палітолагаў, адсунуўшы на другі план, абмеркаванне новага складу парламенту. Большасць аналітыкаў згаджаецца, што малая актыўнасць выбарцаў — гэта заканамернае наступства той палітычнай ды эканамічнай сітуацыі, якія склаліся ў краінах ЕС.

Палітолаг і аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што прычына малой папулярнасці выбараў у Еўрапарламент звязана з беспаспяховай палітыкай ЕС.

Дзяніс Мельянцоў: “Першае — гэта тое, што ў Еўрапейскім саюзе апошнія год-паўтара, нарастаюць тэндэнцыі да еўрапесімізму ў нацыянальных дзяржавах, што звязана перадусім з тым, што Еўрапейскі саюз не здолеў прыняць ані еўрапейскую канстытуцыю, ані Лісабонскую дамову”.

Як кажа аналітык, моцна на настроі грамадзянаў паўплываў і сусветны эканамічны крызіс, а разам з гэтым, немагчымасць Еўрапейскага саюза супрацьстаяць яго наступствам.

Дзяніс Мельянцоў: “Другой прычынай, якая таксама вельмі важная, з’яўляецца эканамічны фінансавы крызіс. Ягоныя наступствы ўжо зараз дастаткова балюча ўдарылі па буйных, моцных краінах Еўрапейскага саюза”.

Усяго ў Еўрапарламенце 736 месцаў. Паводле папярэдніх дадзеных, найбольшую колькасць з іх, 268 мандатаў, атрымаюць правыя — Еўрапейская народная партыя. Левацэнтрысцкія  партыі атрымаюць 170 месцаў, а саюз лібералаў і дэмакратаў — 81. Агулам, можна сказаць, што расклад палітычных сілаў зменіцца не моцна, а таму, па словах спадара Мелянцова, чакаць адыходу еўрапарламенту ад папярэдняй палітычнай лініі не выпадае.

Дзяніс Мельянцоў: “Мабыць проста будуць нейкія трошкі іншыя акцэнты ў парадку дня, трошкі іншыя акцэнты ў ацэнцы Еўрапейскім парламентам нейкіх вельмі канкрэтных вузкіх абласцей, але што да законатворчай працэдуры — я б не чакаў тут нейкіх зменаў”.

Аднак не абышлося на выбарах і без сюрпрызаў. Так, напрыклад, у Швецыі Партыя піратаў атрымала 7,1 % галасоў, што забяспечыла ёй два месцы ў Еўрапарламенце. Для аналітыкаў гэта стала сапраўднай нечаканасцю. Асноўнай ідэяй партыі з’яўляецца свабода ў галіне карыстання інтэрнэтам, а таксама абмежаванне аўтарскіх правоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі