Чаму галасаванне журы ў фінале "Еўрабачання" — таямніца
На "Еўрабачанне-2018" ад Беларусі едзе ўкраінец ALEKSEEV. Найвышэйшы бал, 12, ён атрымаў ад тэлегледачоў і журы. З тэлегледачамі ўсё зразумела: фанатак Аляксеева ў Беларусі шмат. А вось да галасавання журы ёсць пытанні.
Першае, што насцярожвае — закрытасць. Сябры журы падпісалі паперы аб неразгалошванні таямніцы, а ў беларускім палажэнні аб "Еўрабачанні" пазначана, што "галасаванне прафесійнага журы праводзіцца таемна". Калі ўсё справядліва і празрыста (і па дакументах так і ёсць), тады навошта сакрэты? Еўрарадыё папрасіла ў Белтэлерадыёкампаніі паглядзець ацэнкі журы. Нам адмовілі!
"Белтэлерадыёкампанія не плануе абнародаваць вынікі галасавання прафесійнага журы. Спіс журы ўсім вядомы, і вы самі можаце пацікавіцца ў сяброў журы, хто і як прагаласаваў. Кожны сябра журы сам мае права вырашаць, хоча ён абнародаваць вынікі свайго галасавання, ці не. Так, журы падпісалі паперы ад неразгалошванні, але нават, калі яны распавядуць, ім за гэта нічога не будзе", — выказвае пазіцыю арганізатараў адбору прэс-сакратар Святлана Смалонская-Краскоўская.
Другое. Журы сцвярджаюць, што аддавалі свае галасы за артыстаў не ведаючы, як прагаласавалі гледачы. Чаму тады іх выбар быў агучаны толькі праз паўгадзіны пасля галасавання публікі? Толькі для інтрыгі і шоў? Было б справядліва, калі б усе вынікі агучваліся адразу.
Трэцяе. У галасаванні журы выйграе той выканаўца, які ў суме набірае найбольшую колькасць балаў. То бок, сябры журы не абавязкова павінны паставіць Аляксееву выключна 12, каб ён перамог. Але сярод журы мусяць быць тыя, хто паставіць спеваку высокія балы. Усім зразумела, што Аляксееў наўрад ці з'явіўся на адборы знянацку — гэта быў прадуманы прадзюсарскі ход і вельмі выгадны варыянт для Белтэлерадыёкампаніі: імя хлопца мусіла прыцягнуць увагу да адбору, і для гэтага былі створаныя ўсе ўмовы.
Таму, відавочна, што журы падбіралася збольшага з тых прафесіяналаў, якім можа спадабацца Аляксееў. Пасля таго, як старшыня журы першага этапу праслухоўвання Валерый Дайнэка няўхвальна выказаўся пра будучага пераможцу, "журыць" яго ў фінал яго проста не запрашаюць. Цяперашняя старшыня журы, дырэктарка “Радиус FM” Алена Трашчынская ў размове з Еўрарадыё распавядае, што найвышэйшы бал паставіла менавіта ўкраінцу, і тлумачыць, чаму:
"Журы не можа выказваць сваё суб'ектыўнае меркаванне, яго могуць мець толькі тэлегледачы. А журы аб'ектыўна мусіць ацэньваць музычны матэрыял, выкананне, вядомасць і, натуральна, шоу. На ваш погляд, у каго было найлепшае шоу? А Еўропа вельмі любіць шоу. Таму была ацэненая добрая падрыхтоўка і па шоу-праграме. Што тычыцца нячыстага выканання, то ёсць такая рэч, як хваляванне. Гэта момант, які дапускаецца, як мне падаецца, усімі сябрамі журы, бо ў паўфінале Мікіта спяваў значна лепш. Зноў-такі, чалавек, які будзе прабівацца на прасторах "Еўрабачання", мусіць быць вядомым. Аляксеева ведаюць. Таму 12 балаў у мяне атрымаў ён. Я думаю, што калі б, напрыклад, Сяргей Маліноўскі паставіў вельмі нізкую адзнаку Аляксееву, то наўрад ці ён заняў ад журы першае месца. Падкрэсліваю, што, калі б усе сябры журы практычна не аддалі б перавагу спеваку Аляксееву, ён бы не выйшаў на першае месца".
Аляксееў мог атрымаць 12 балаў ад дырэктара БелМузТВ Аляксандра Капёнкіна: выканаўца "Forever" быў аб'яўлены на канале спеваком года. Навошта запрашаць на фінал у журы чалавека, які скажа менавіта Аляксееву “адразу так”? На жаль, Еўрарадыё не змагло да яго дазваніцца, каб спытаць, ці сказаў ён "так". Мы мяркуем, што высока ацанілі Мікіту намесніца дырэктара тэлеканала Беларусь 1 Вольга Саламаха (Вольга не палічыла патрэбным раскрываць нам таямніцу свайго галасавання), прадстаўніца Мінкульта Таццяна Пархімовіч (яна на бальнічным). Лідар гурта "Атлантыка" Алекс Дэвід і прадзюсар Андрэй Каліна распавялі Еўрарадыё, у чым перавага Аляксеева над іншымі фіналістамі адбору, але агучыць свае адзнакі таксама адмаўляюцца, спасылаюцца на тое, што распаўсюджвацца пра гэта непрыстойна(!), раз падпісалі дакументы. Але, тэарэтычна, усе яны таксама маглі прагаласаваць за ўкраінца.
А вось журналіст "Камсамольскай праўды" Сяргей Маліноўскі не хавае, што 12 балаў паставіў спявачцы Гюнэш. Аляксеева ён размеркаваў нават не на трэцяе месца. Выкладчыку вакалу Ігару Мельнікаву найбольш спадабаўся гурт "Радиоволна", Аляксееў у яго топе на другім радку. Музычны аглядальнік Onliner.by Аляксандр Чарнуха прызнаецца, што адзначыў гурты "Радиоволна", Shuma і Анастасію Малашкевіч, а пераможцу паставіў "далёка не на першае месца". Натуральна, гэтае "далёка не першае месца" супраць шасці дванаццатак ніякага надвор'я ў агульнай колькасці балаў не робіць, і перамога Аляксеева фармальна выглядае рэальнай.
Але, як магла атрымаць чатыры балы ад журы Shuma, якая, не маючы славы Аляксеева, апынулася на другім месцы ў глядацкім галасаванні? Гэта здзіўляе сам гурт і шматлікіх фэнаў "Еўрабачання". Мы ведаем пра дзясятку гэтаму гурту ад Маліноўскага, мінімум пра васьмёрку (а можа, і дванаццатку) ад Чарнухі і васьмёрку ад Мельнікава. Някепска, праўда? І каб адзін з найлепшых нумароў атрымаў чацвёрку, астатнія сябры журы мусілі ставіць "Шуме" балы, ніжэйшыя за тройку!?
"Па версіі сяброў журы, гэта ўжо некалькі іншая музыка, гэта клубная гісторыя. А для конкурса "Еўрабачанне", па меркаванні журы, патрэбная песня еўравіжанская", — абгрунтовае нізкі бал "Шумы" старшыня журы Алена Трашчынская.
Але ці ў справа ў клубнай гісторыі? "Шума" магла атрымаць нізкі бал, каб вынік супаў з вынікам Гюнеш. У выпадку форсмажора, паводле правілаў, ад Беларусі можа паехаць артыст, які заняў другое месца. Ці дазволяць гэта зрабіць Русі Шукюравай і Аляксею Будзько? А вось Гюнеш, у якасці суцяшальнага прызу, — цалкам верагодна.
Іншая справа, што галасы маглі палічыць няправільна. Тым больш, што такі прэцэдэнт ужо быу ў 2014 годзе, калі здарылася спрэчная сітуацыія ў галасаванні з Тэа, Максам Лоўрэнсам з Дзядзюлям і гуртом “Світар Бойз”. Вынікі галасавання тады нейким цудам трапілі ў вольны доступ і дапамаглі выявіць памылкі. Для празрыстасці цяпер таксама можна было б паказаць пратакол. Што тут такога?
Пакуль атрымліваецца дзіўная сітуацыя, падобная на сітуацыі, якія ўжо ўзнікалі на адборы “Еўрабачання”. І гэта ўсё з-за нежадання адкрыць вынікі галасавання кожнага члена журы. Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.