Чаму “новаму Міхалку” цесна ў BRUTTO

Чаму “новаму Міхалку” цесна ў BRUTTO

Увечары 30 жніўня Сяргей Міхалок апублікаваў альбом “Drezden” свайго сольнага праекта з такой жа назвай. Менавіта ў Дрэздэне ў 1972 годзе нарадзіўся будучы лідар “Ляпіса Трубяцкога” і BRUTTO. Кружэлка запісаная ў духу поп-культуры 1980-х.

Яшчэ да публікацыі ў сеціве пачалі з’яўляцца ўзнёслыя водгукі пра лонгплэй ад сяброў музыкі. Напрыклад, беларус Віталь Драздоў, які цяпер генпрадюзсар “ТАВР Медиа”, назваў альбом “бомбай” і параўнаў з працамі Дэвіда Боўі і Дэймана Албарна!

“David Bowie і Damon Albarn. Увесь тыдзень, пакуль я слухаў альбом, менавіта гэтыя два няўрымслівыя наватары круціліся ў мяне ў галаве, непрадказальныя і дзівосныя. Яны заўсёды ўсплывалі птушкай Фенікс зусім не там, дзе іх чакалі. Думаю, можна і Міхалка ўжо запісваць у гэты шэраг”, піша Драздоў.

Прайшло менш за суткі пасля публікацыі, але “Drezden” не паслухаў толькі лянівы. А паколькі цяпер модна выказвацца на актуальныя тэмы, дык пасты, прысвечаныя “новаму Сяргею Міхалку”, пішуць нават праваабаронцы! У адрозненне ад музычнага профі Віталя Драздова юрыста Андрэя Стрыжака незадавальняе… вакал Міхалка, які ён называе “пякельным”:

Кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” выдае цэлую рэцэнзію, дзе аналізуе крокі Міхалка “як фабрыкі па вытворчасці ідэй”, і яго пераход у поп-мэйнстрым. Ён мяркуе, што Міхалку зусім не цесна ў яго праектах, бо кожны з іх прызваны “акучыць новы сегмент аўдыторыі”.

“Нішто так не засмучае ў сучасным мастацтве, як творца, які пераседзеў у андэрграўндзе ці артыст, якія цураецца мэйнстрыму, але, пры гэтым, які прагне шырокай аўдыторыі, — абараняе Міхалка Халезін. — <…> Калі абагульняць, то, як мне здаецца, гэта адзін з тых праектаў, якія ўжо на старце абыходзяць абсалютную большасць прадуктаў у індустрыі. Тут ёсць і запамінальныя мелодыі, і займальныя тэксты, і высокі прафесійны клас стваральнікаў, здольных стварыць простую структуру, правёўшы вельмі складаную працу. Магу павіншаваць Сяргея і яго партнёраў са стварэннем гэтага праекта. А ў тым, што ён стане паспяховым, я ні секунды не сумняваюся”.

Але тут жа ўзнікае Стась Карпаў, які… не змог даслухаць Drezden да канца. Нават адзін раз не змог!

У  адрозненне ад “віпаў”, звычайны слухач, відаць, пакуль кружэлку не расслухаў, назваўшы Drezden “нейкім Ляпісам Трубяцкім” на сінтэзатарах”.

Іншы не бачыць глыбіні, прыгажосці і актуальнасці Drezden і называе праект “этыкеткай”. Маўляў, а дзе сапраўды Міхалок?

“На гэты раз ён прызнае памылкай “Брута”, і будзе казаць, што ніколі больш не будзе граць гэтую жахлівую музыку, але потым складзе карпаратыўную праграму "Брута 2016”? — іранізуюць інтэрнэт-карыстальнікі.

Еўрарадыё вырашыла не рабіць паспешлівых высноваў. Мы хочам рассмакаваць Drezden. Выкажамся пра яго на наступным тыдні!

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі