Чаму ў Тбілісі спынілася метро? Мэр супраць машыністаў
Трэцяга чэрвеня машыністы тбіліскага метро пачалі вялікі страйк з патрабаваннем павышэння заробкаў.
З раніцы зачыненыя ўсе станцыі метро — пасажыраў сустракае аб'ява — "Метро зачынена, карыстайцеся аўтобусамі. Праезд бясплатны".
З-за спынення метро перамяшчэнне па горадзе абцяжарана. На прыпынках аўтобусаў і маршрутак выстраіліся чэргі. З-за перагружанасці аўтобусы часта нават не спыняюццца на прыпынках.
Чаго патрабуюць машыністы
У Тбіліскім метро на сённяшні дзень 250 машыністаў. Іх праца аплачваецца па гадзінах. Кожны машыніст працуе шэсць-восем гадзін за змену і атрымлівае на рукі 6,92 лары (2,8 долара) у гадзіну. Машыністы лічаць, што з улікам умоў іх працы і адказнасці, гэта вельмі маленькая сума і патрабуюць павышэння аплаты на 45 адсоткаў — да дзесяці лары (каля чатырох долараў).
Машыністы патрабуюць павышэння заробкаў ужо некалькі месяцаў, пагражаючы страйкам. 21 траўня гарадскі суд Тбілісі задаволіў патрабаванне транспартнай кампаніі і забараніў машыністам страйкаваць у працоўны час.
Мэр Тбілісі: у машыністаў і так высокія заробкі ў параўнанні з іншымі
Мэр Тбілісі Каха Каладзэ зранку выступіў на спецыяльным брыфінгу і заявіў, што страйк машыністаў "прама накіравана на пагаршэнне жыцця людзей", і мэрыя не збіраецца задавальняць іх патрабаванні.
Галоўны аргумент Каладзэ — "заробак машыністаў, які (без вынятку падаткаў) складае 1400-1800 лары (560-730 долараў), нашмат вышэй заробкаў педагогаў, лекараў "хуткай дапамогі", патрульных паліцыянтаў і пажарных (хоць самі машыністы сцвярджаюць адваротнае).
"Чаму мы павінны падымаць заробак ім і не падымаць іншым?" — задаў пытанне мэр і паказаў журналістам дакументы, у якіх быў паказаны заробак машыністаў.
Па словах Каладзэ, машыністы запатрабавалі павысіць ім заробак за кошт павышэння платы за праезд.
"Я як мэр Тбілісі не дапушчу, каб прыбаўка заробку ў структурах мэрыі адбылася за кошт павышэння платы або зніжэння сацыяльных субсідый", — сказаў Каладзе.
У якасці часовага выйсця з сітуацыі Каладзэ абяцаў павялічыць колькасць аўтобусаў на маршрутах.
Машыністы кажуць, што мэр хлусіць
Машыністы тбіліскага метро, якія страйкуюць, у інтэрв'ю Netgazeti кажуць, што Каладзэ некалькі разоў агучыў няправільную інфармацыю з мэтай супрацьпаставіць адно аднаму грамадства і машыністаў.
• Першае. Па словах машыністаў, яны атрымліваюць на рукі да 1150 лары (каля 460 долараў), а не 1400-1600, як сказаў Каладзэ.
"Мы не патрабавалі заробак у 1600 лары. Няхай Каладзэ падпішацца пад 1500, і мы сёння ж спынім страйк", — кажа кіраўнік аб'яднання машыністаў "Эртоба-2013" Раці Капанадзэ. Ён прадэманстраваў журналістам банкаўскую выпіску, згодна з якой ён сапраўды атрымлівае ў якасці заробку 1150 лары. Па дадзеных выдання, іншыя машыністы атрымліваюць 1120, 1103 і 1189 лары.
"Калі б у нас быў заробак у 1800 лары і мы прасілі б падняць яго на 45 адсоткаў, людзі б з розуму сышлі. Мы патрабуем падняць заробак да 1500 лары (каля 600 долараў)", — кажуць тыя, хто страйкуе.
• Другое. Як сцвярджаюць машыністы, "другая хлусня Каладзэ" тычыцца іх патрабаванняў. Машыністы кажуць, што ніколі не патрабавалі павышэння платы за праезд і казаць пра гэта пачалі самі прадстаўнікі мэрыі і транспартнай кампаніі.
"Гэтым грамадскім транспартам карыстаюцца нашы блізкія, члены сям'і, як мы маглі патрабаваць павышэння платы? Яны спрабуюць сутыкнуць нас з грамадствам", — кажуць машыністы. [Зараз 90-хвілінны праезд на Тбіліскім грамадскім транспарце, уключаючы метро і аўтобусы, каштуе 50 тэтра (каля 0,20 долара)].
Па іх словах, параўноўваючы заробак машыністаў з заробкамі людзей іншых прафесій, мэрыя спрабуе настроіць людзей супраць іх.
"На самой справе мы патрабуем, каб былі павышаны заробкі і ў іншых людзей, якія працуюць у метро. У тым ліку ў прыбіральшчыц, дзяжурных па станцыі і г. д. Частка з іх атрымлівае 150, 300 або 400 лары (каля 60, 120 і 160 долараў)", — кажуць машыністы.
Да пачатку страйку ў гутарцы з JAMnews машыністы адзначалі, што ўмовы працы работнікаў метрапалітэна асабліва цяжкія — яны палову жыцця праводзяць пад зямлёй, а гэта недахоп паветра, шум, пыл і моцная вібрацыя. Для здароўя таксама небяспечныя канцэнтрацыя жалеза ў паветры і ўздзеянне электрамагнітнага выпраменьвання. Машыністы кажуць, што з-за цяжкіх умоваў працы 60 працэнтаў з іх не дажываюць да пенсійнага ўзросту.
Машыністы ў якасці прыкладу няроўнасці пры аплаце працы прыводзяць зарплату кіраўніка Тбіліскай транспартнай кампаніі, якая складае дзесяць тысяч лары (каля чатырох тысяч долараў) у месяц.