Чаргі на пратэзаванне суставаў у Беларусі чакаюць дзясяткі тысяч чалавек
У аперацыйнай
Больш за 14 тысяч чалавек чакаюць у Беларусі сваёй чаргі на замену каленнага сустава, яшчэ каля 12 тысяч пацыентаў — тазасцегнавага сустава. Такія лічбы прывёў міністр аховы здароўя краіны Аляксандр Хаджаеў у эфіры тэлеканала АНТ. Паводле яго слоў, з траўня 2023 года па тазасцегнавых суставах чарга скарацілася на 17%, а па каленных — на 10%.
"Калі глядзець на абсалютныя лічбы, то гэта досыць мала", — прызнаў ён. Але ён прапанаваў таксама паглядзець "на комплекс тых мерапрыемстваў, якія былі выкананыя" — з яго слоў, "гэта значная праца". Хаджаеў паведаміў, што на сённяшні дзень такія аперацыі ўжо могуць выконваць больш за 200 спецыялістаў. Іх колькасць расце. Хаджаеў таксама расказаў пра пастаўкі пратэзаў. Хто вытворца, ён не ўдакладніў, але сказаў, што арганізацыяй пастаўкі займаецца кампанія "Палітэхнік" сумесна з кітайскай кампаніяй "Вегаё". Мяркуецца, што ў Беларусь атрымаецца даставіць "4000 пратэзаў тазасцегнавых, 2000 пратэзаў каленных і інструментар для іх устаноўкі".
Нагадаем, чэргі на пратэзаванне суставаў у Беларусі рэзка выраслі пасля масавых затрыманняў артапедаў вясной 2022 года. Беларускі даследчыцкі цэнтр пазней высветліў, што "справа артапедаў" і забарона на ўстаноўку імпартных пратэзаў у дзяржаўных бальніцах аказаліся вельмі выгадныя клініцы "Мерсі", звязанай з сям'ёй старэйшага сына Лукашэнкі Віктара.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.