Чарговы крок Мінабароны пасля скандалу ў Печах — заява Саюза афіцэраў

Чарговы крок Мінабароны пасля скандалу ў Печах — заява Саюза афіцэраў

Міністэрства абароны чарговы раз заявіла пра "беспрэцэдэнтную дыскрэдытацыю з боку асобных дэструктыўных сіл". На гэты раз на сайце ведамства з'явілася заява грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў". 

Нагодай для заявы стала гібель салдата Аляксандра Коржыча ў "вучэбцы" ў Печах і грамадскі розгалас пасля гэтай падзеі. Раней Мінабароны называла артыкулы на гэтую тэму ў СМІ кампаніяй па дыскрэдытацыі не толькі Узброеных Сілаў, але і ўвогуле ўлады ў Беларусі.

Да гэтага меркавання вырашыў далучыцца і "Беларускі саюз афіцэраў". 

"Цяпер фармальнай нагодай для чарговай кампаніі па ачарненні узброеных абаронцаў краіны стала гібель салдата ў 72-м аб'яднаным навучальным цэнтры, па факце якой вядуцца следчыя дзеянні і дасканала вывучаюцца ўсе абставіны здарэння", — гаворыцца ў заяве.

"Беларускі саюз афіцэраў" выказвае сям'і, родным і блізкім загінулага Аляксандра Коржыча спачуванне  смутак. Афіцэры выказваюць меркаванне, што вінаватыя ў "здарэнні" панясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.

Разам з тым яны выказваюць крытыку: "Здарэнне з гібеллю вайскоўца тэрміновай службы, няўцешнае гора блізкіх загінулага некаторымі крытыканамі выкарыстоўваецца ў непрыстойных мэтах разгойдвання грамадска-палітычнай стабільнасці ў краіне, дыскрэдытацыі беларускага войска як вядучага фактару стратэгічнага стрымлівання ў складаных умовах сучаснага сусветнага развіцця".

"Беларускі саюз афіцэраў" заклікае выступіць "супраць інфармацыйнага свавольства і кан'юнктурнай крывадушнасці так званых "незалежных", а па сутнасці антыбеларускіх грамадска-палітычных структураў". Праўда, арганізацыя чамусьці не называе арганізацыі, якія яна так палка крытыкуе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі