Частка беларускіх праваслаўных упершыню адзначаць Раство 25 снежня
Вільня
Частка беларускіх праваслаўных упершыню будзе адзначаць Раство па грыгарыянскім календары — 25 снежня, а не 7 студзеня. Гэта тычыцца беларускага праваслаўнага прыхода ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага (Сусветнага) патрыярхату.
Святочная служба адбудзецца 24 снежня а 21-й гадзіне ў Вільні ў Рэфарматарскай царкве (Pylimo g.18). А 25 снежня а 10-й раніцы святочная літургія адбудзецца ў памяшканні беларускай царквы (Boksto g. 4). Спецыяльная дзіцячая літургія пройдзе з 11.00 да 11.30 у Мікольскай царкве на Лукішках.
Беларуская праваслаўная парафія Сусветнага патрыярхату стварылася ў Вільні ў красавіку сёлета. Яе заснавалі святары Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта, якія з-за рэпрэсій з'ехалі з Беларусі і перайшлі ў Сусветны патрыярхат (пад юрысдыкцыю Канстантынопалю). Пасля гэтага патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін сваім указам забараніў іх у служэнні. Аднак ужо 16 красавіка святары правялі першае богаслужэнне Беларускай праваслаўнай парафіі Сусветнага патрыярхату.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.