Чавусаў: Мы маем справу з пратэстным булёнам

Еўрарадыё паразмаўляла пра вынікі акцыі 15 чэрвеня з вядомым палітолагам Юрыем Чавусавым. 

 
Еўрарадыё: Учорашнюю акцыю маўчання можна разглядаць як палітычную ці не?


Чавусаў: «Сам факт таго, што вы задаеце гэтае пытанне, сведчыць пра неадназначнасць у ацэнках гэтай з'явы. У дадзеным выпадку не было ніякіх лозунгаў, ніякіх сцягоў, гэта ў чыстым выглядзі абстрактны пратэст. Калі кожнага ўдзельніка апытаць, мы б сустрэлі тых, хто выйшаў супраць збяднення, супраць дэвальвацыі і тых, хто выйшаў за ШОС, за змену ўлады».


Еўрарадыё: А які эфект ад такіх акцыяў?


Чавусаў: «Эфект, у першую чаргу, дэманстратыўны. У грамадстве адчуваецца попыт на арганізацыю, попыт на тых людзей, якія здольныя арганізаваць масавыя мерапрыемствы, масавыя пратэсты. Народ хоча пратэставаць. Але палітычная апазіцыя ў такім раздробленым стане асабліва не імкнецца скарыстацца спрыяльнай, здавалася б, крызіснай сітуацыяй для таго, каб ачоліць гэтыя пратэсты. Адпаведна, мы пакуль маем справу з пратэстным булёнам. Калі ён троху пакіпіць, калі падвысіцца тэмпература ў эканоміцы, то магчыма з гэтага булёну паўстануць новыя пратэстныя лідары».


Еўрарадыё: А ці не наносяць акцыі такога характару ўдару па іміджу апазіцыі?


Чавусаў: «Да гонару беларускай апазіцыі, яна не імкнецца паставіць сабе ў заслугу тыя акцыі, да стварэння якіх яна не мае непасрэднага дачынення. Падчас акцыяў мы бачым сябраў БНФ, экс-кандыдатаў у прэзідэнты, якія прыцягваюць увагу мінакоў, але яны не спрабуюць перацягнуць коўдру на сябе. І магчыма, у сённяшняй сітуацыі гэта і правільна. Бо Лукашэнка ўвесь час старанна падкрэслівае, што гэта маўляў, як ён зневажальна кажа, «свядомыя», што гэта ўсё апазіцыя робіць. Мы ж бачым, што складана назваць палітычнай апазіцыяй даведзеных да адчаю людзей на памежным пераходзе «Брузгі», цяжка назваць апазіцыяй тых, хто выйшаў за зніжэнне коштаў на паліва. Дэпалітызацыя, непадкрэсліванне палітычнага характару гэтых акцыяў - пакуль выйгрышная стратэгія. Калі крызіс падоўжыцца, калі збядненне насельніцтва будзе мець устойлівы характар, доўгатэрміновы характар, умоўна кажучы - восень, то тады, магчыма, надыдзе час палітычных лозунгаў. Але пакуль што не».


Еўрарадыё: Наколькі сур'ёзна улады ставяцца да такіх «рэвалюцый» у сацыяльных сетках?


Чавусаў: «Улады ставяцца вельмі і вельмі сур'ёзна да самога факту саспявання пратэстаў у беларускім грамадстве. Яны прыглядаюцца да гэтых механізмаў. Паказальна, што нейкіх звышжорсткіх прысудаў у дачыненні да большасці удзельнікаў гэтых акцыяў не было, ну так – штрафы. Улады прыглядаюцца і пакуль не могуць вызначыць патэнцыйных лідэраў. Яны не ведаюць, каго хапаць. Яны не ў стане намацаць гэтую кропку, па якой можна ўдарыць і вырубіць усю сістэму. Думаю, яны будуць чакаць. І калі гэтыя пратэсты праз сацыяльныя сеткі атрымаюць персанальнага лідэра, тады ўключацца звычайныя рэпрэсіўныя механізмы. На сённяшні момант улады працуюць у кірунку інфармацыйнага блакавання гэтых пратэстаў, каб не дапускаць разгарання сацыяльнай рэвалюцыі, няхай яна будзе закансерваваная вось на гэтых плошчах у цэнтрах гарадоў. Бо з плошчай улады навучыліся змагацца і вялікай небяспекі не адчуваюць, што у пэўны час збярэцца пэўная колькасць людзей. Ад гэтага рэжым не пахіснецца. Яны чакаюць».


Еўрарадыё: Моладзь плануе сабрацца 22 у сераду, каб паўтарыць масавае гулянне.


Чавусаў: «Думаю, 22 чысла акцыя павінна атрымацца не менш маштабнай, чым атрымалася ўчора. Але лавінападобнай колькасці удзельнікаў я б не чакау. Паглядзім, што будзе падчас акцыі 3 ліпеня. Як я разумею, гэта наступная кропка, якая будзе ўспрымацца блогерамі і актывістамі сацыяльных сетак, як перыяд, калі чарговы раз трэба сказаць грамадству ШОС».

Фота: daylife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі