Чыноўнік Мінаблвыканкаму набраў хабару на 9 гадоў турмы
Суд Маскоўскага раёна сталіцы прызнаў супрацоўніка Упраўлення капітальнага будаўніцтва вінаватым у карупцыі.
Як паведамілі БЕЛТА ў Следчым камітэце, чыноўнік узяў хабар у 440 мільёнаў рублёў. Увесну 2010 года ён дамовіўся з кіраўніком ТАА “Солідэйт” аб атрыманні грашовых узнагарод на сістэматычнай аснове ў памеры 20% ад кожнай дамовы з УКБ Мінаблвыканкаму.
Чыноўнік-карупцыянер атрымліваў “ганарар” за пастаўку матэрыялаў на будаўніцтва лячэбнага корпусу Мінскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні ў пасёлку Бараўляны, спартыўна-відовішчнага комплексу ў Салігорску, інтэрната ў Заслаўі і нават на рэканструкцыю будынка для размяшчэння суда Мінскага раёна і горада Заслаўе.
За гэтыя злачынствы ён атрымаў 9 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Таксама яго пазбаўляюць права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю цягам 5 гадоў.