Ці можа Беларусь адказаць Расіі?
Эксперты гавораць пра магчымы новы дэмарш Аляксандра Лукашэнкі, але прызнаюць, што рэальна крыць няма чым.
"Мяне сёння паводзіны расійскіх уладаў не проста здзіўляюць, а гнятуць… Калі ў найбліжэйшы час не будзе нармалізаваны гандаль паміж дзвюма краінамі, мы вымушаныя будзем рэагаваць. Што гэта за паводзіны такія?!” — заяўляе Аляксандр Лукашэнка ў чацвер, 27 лістапада.
Кіраўнік Беларусі відавочна не ў гуморы — Расія перакрыла пастаўкі мяса з Беларусі, вінаваціць у рээкспарце з Еўрасаюза. І хоць забарона не вельмі моцна б’е па бюджэце (не тыя аб’ёмы), усё адно крыўдна. Мытны саюз, а тут такое. Так што эмоцыі Лукашэнкі можна зразумець.
Пытанне, наколькі Беларусь у стане адрэагаваць на дзеянні Рассельгаснагляду. Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што не вельмі. Занадта моцна мы залежым ад Масквы.
“У прынцыпе, я думаю, што адказаць нам асабліва няма чым. З Захадам не надта прыемныя адносіны, моцная залежнасць ад Расіі. МВФ крэдыты калі і дасць, то на кароткі перыяд”, — гаворыць Злотнікаў.
З Расіі мы экспартуем збольшага сыравіну. Толькі нафта сёлета складае больш за траціну ад усяго аб’ёму паставак. Не вельмі і забароніш. Таму застаюцца палітычныя крокі. Яны калі і будуць, то неістотныя, мяркуе Леанід Злотнікаў.
“Нечага істотнага — сыходу на Захад, альбо адкрыцця базы НАТА — не будзе, гэта малаімаверна”.
Палітолаг Дзяніс Мельянцоў мае крыху іншы погляд. І згадвае, што кіраўнік Беларусі ўжо аднойчы выказваў публічную незадаволенасць палітыкай Крамля. Тады гэта вылілася ў непрыезд на саміт АДКБ.
“Гісторыя двухбаковых адносінаў паказвае, што сам кіраўнік краіны можа рабіць тыя альбо іншыя дэмаршы. Напрыклад, не паехаць на саміт АДКБ. Здаецца, так было перад мінулымі выбарамі. Такія вось рэчы”.
Дзяніс Мельянцоў таксама нагадвае, што Беларусь дагэтуль канчаткова не дамовілася з Расіяй пра размяшчэнне на сваёй тэрыторыі вайсковых авіябаз саюзніка. Што таксама пры жаданні можна выкарыстаць падчас перамоваў.
Ёсць і больш цывілізаваныя рычагі — эканамічныя. Дзяніс Мельянцоў нагадвае, што падчас стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза бакі дамаўляліся гандляваць без нейкіх абмежаванняў.
“У Дамове аб ратыфікацыі Еўразійскага саюза ёсць спецыяльная заява Беларусі, паводле якой Беларусь можа не выконваць палажэнні саюзнай дамовы, калі Расія не здыме абмежаванні і бар’еры, якія цяпер існуюць у гандлі”, — расказвае ён.
Але пакуль канфлікт яшчэ не перарос у паўнавартасную гандлёвую вайну. У панядзелак, 1 снежня, у Мінск прыязджаюць ветэрынарныя эксперты з Расіі, а таксама Украіны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы перакананы, што дамовіцца атрымаецца, і абмежаванні на мяса з Беларусі Масква здыме.