"Ці, можа, для колькасці": як "Днепр-Магілёў" падпісаўся ў падтрымку ўладаў
Футбольны клуб "Днепр-Магілёў" / fc-dnepr.by
Трое футбалістаў ФК "Днепр-Магілёў" заявілі, што не падпісваліся пад зваротам спартсменаў у падтрымку беларускіх уладаў, хоць іх прозвішчы ёсць пад дакументам.
"Ляжаў дома, адпачываў. Як тэлефон пачаў разрывацца, што я нягоднік! Нічога не падпісваў! Вось так вось проста, напэўна, хтосьці захацеў зганьбіць маё імя!" — абураецца ў Інстаграме паўабаронца Яўген Елязаранка.
"Такія сумленныя подпісы, як і выбары!" — іранізуе абаронца Ілля Удодаў.
Пра тое, што ён не мае дачынення да ліста, напісаў і паўабаронца Максім Хадзянкоў.
"Як на гэтым сайце апынуліся прозвішчы нашых футбалістаў, нікому невядома, гэта добрае пытанне, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар клуба Аляксей Чыжоў. — Магу дакладна сказаць, што за іх гэтага тут ніхто не рабіў. Клуб ніякія спісы нікуды не падаваў. Хтосьці, мабыць, памылкова ці, можа, для колькасці, уставіў гэтыя прозвішчы".
Ці збіраецца клуб разбірацца, хто і навошта "адзначыўся" за іх спартсменаў? Па словах суразмоўцы, сэнсу ў гэтым няма. У лісце пазначаны толькі прозвішчы футбалістаў. На думку прэс-сакратара, без подпісаў ён не мае ніякай каштоўнасці.
"Такім чынам можна і маё, і ваша прозвішча туды ўставіць... і наогул якое заўгодна. Адкуль мы ведаем, што гэта праўда?", — дадае Чыжоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.