Як Беларусь "з паветра" зарабляе амаль 200 мільёнаў еўра за год

"Белаэранавігацыя" зарабляе на самалётах, якія пралятаюць ў беларускай паветранай прасторы. За кожны кіламетр бяруць 50 еўрацэнтаў. За суткі пралятае каля 1300 самалётаў. З кожнага выходзіць каля 400 еўра, — піша gorad.by. Пасля нескладаных падлікаў выходзіць каля 500 тысяч еўра за адны суткі. А за год больш за 180 мільёнаў еўра!
 
"Службы, якія вядуць самалёт, яны затрачваюць сродкі. Радыёлакацыя, радыёнавігацыя, сувязь, дыспетчар. Гэта называецца аэранавігацыйныя зборы за пралёт над тэрыторыяй, у дадзеным выпадку, Рэспублікі Беларусь", — распавядаюць Еўрарадыё ў "Белаэранавігацыі".
 
Неба — абмежаваны рэсурс для самалётаў, як і частоты для аператараў сувязі. Таму лагічна, што іх прадаюць на аўкцыёнах, мяркуе незалежны аналітык Сяргей Чалы.
 
Як жа яшчэ можна зарабіць на паветры? Еўрарадыё ўзгадвае, што ў 2013 годзе Беларусь планавала прадаваць квоты на выкіды парніковых газаў...
 
Пакуль рашэнне аб удзеле ў другім этапе Кіёцкага пратакола не прынятае, расказваюць у дэпартаменце па гідраметэаралогіі. Чакалася, што ўсё вырашыцца пасля 18 канферэнцыі ў Досе, але рашэнні, прынятыя там, не зусім адпавядаюць нацыянальным інтарэсам. Таму пакуль вядуцца кансультацыі.
 
"Ад іх будзе залежаць шмат. Ці будзем мы рэкамендаваць ратыфікаваць пагадненне. Усё павінна быць у інтарэсах нашай дзяржавы", — распавядае дырэктар дэпартамента Алег Масюта.
 
Справа ў тым, што Украіна прадала квоты ў першым этапе, прыблізна на мільярд долараў. Але засталіся яшчэ квоты, якія яны хочуць перанесці ў другі этап. Такая ж пазіцыя ў Беларусі. Але шмат хто супраць.
 
"Яны лічаць, гэта як камерцыйныя дзеянні. Мы з Расіяй і Украінай лічым па-іншаму. Краіна, якая шмат робіць, каб знізіць узровень выкідаў парніковых газаў, мае права гандляваць лішкамі. На жаль, калі не будзе разумення, што гэта не камерцыя, а заахвочванне, пра гандаль квотамі можна забыць".
 
Таму на сёння квоты мы не прадаём, бо не ратыфікавалі пратакол. А маглі б зарабляць, кажа Сяргей Чалы.
 
"Мы маглі б неблагія грошы на гэтым мець. Таму што там пытанне аб размеркаванні грошай залежыць ад таго, наколькі краіна змагла скараціць свае выкіды за пэўны перыяд".
 
Для краін постсавецкай прасторы абралі такі час для адліку, калі быў максімальны эканамічны ўздым, і пра экалогію не думалі. Тады выкіды былі максімальнымі, а ў параўнанні з сённяшнім днём значна скараціліся. Таму розніцу можна прадаваць, напрыклад, Германіі, якой прасцей купіць квоты, чым скарачаць вытворчасць.
 
Дарэчы, падобныя квоты, а дакладней экалагічны падатак плаціць дзяржаве, напрыклад, наваполацкі "Нафтан". Але сэнсу ў гэтым амаль няма. Падатак ідзе проста ў бюджэт, а не ў спецыяльны фонд па абароне навакольнага асяроддзя.
 
Еўрарадыё таксама ўзгадвае, як у Мінску спрабавалі прадаваць гарадское паветра ў бляшанках. Але і тут не пайшло...
 
"Надта маленькі абарот. А вытворчасць у такіх малых аб'ёмах вельмі дарагая. Таму прыбытку няма. Калі рабілася гэта, разлічваў на прыбытак, але гэта было на эмоцыях", — распавядае прадпрымальнік Павел Торчык.
 
З пачатку 2011 года прадалося каля тысячы бляшанак з паветрам. Адна каштуе каля 30 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі