Ці паставілі баі на Данбасе крыж на “Мінскіх пагадненнях-2”?

Тое, як 3 чэрвеня ў розных СМІ асвятлялася аднаўленне актыўных ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны, магло заблытаць каго заўгодна. Так, украінскія рэсурсы распавядалі пра атаку сепаратыстаў на пазіцыі ўкраінскай арміі з прымяненнем узбраення, якое не мусіла знаходзіцца на перадавой адпаведна з “Мінскімі дамоўленасцямі”.

“Прыблізна з 04.10 раніцы войскі сепаратыстаў пачалі масіраваны абстрэл пазіцый украінскіх войскаў у раёне населенага пункта Мар’інка. У абстрэле задзейнічаныя 122-мм САУ 2С1 “Гваздзіка”, 152-мм гарматы “Мста-Б”,  152-мм самаходныя гарматы 2С5 “Гіяцынт”, 152-мм САУ 2С3 “Акацыя”. Пачынаючы з 6.45-7.00 на ўчастку Мар’інка — Краснагораўка войскі сепаратыстаў перайшлі да актыўнага наступу”,піша дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, кіраўнік Цэнтра ваенна-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.

У расійскіх навінах учора расказвалі і пра тое, што “ўкраінская армія наступае на Мар’інку”, і што “апалчэнцы вызвалілі Мар’інку”, і што — гэта ўжо сённяшні варыянт — “украінская армія пайшла ў масіраваную атаку з Мар’інкі на Данецк, але была гераічна адбітая”.

Глядзім на мапу: Мар’інка да 3 чэрвеня была ўкраінскай, таму наступаць на яе ўкраінскія ўзброеныя сілы не маглі, і сёння застаецца ўкраінскай, таму нічога “вызваліць апалчэнцы” 3 чэрвеня таксама не маглі. Што ж да таго, што ўчорашнюю эскалацыю пачаў украінскі бок атакай на Данецк, то тут можна спаслацца на свежую справаздачу назіральнікаў АБСЕ: яны сцвярджаюць адваротнае расійскім СМІ — усё ж атакаваць і абстрэльваць першымі пачалі сепаратысты.

Сёння нібыта ўсё збольшага сцішылася і бакі засталіся на ранейшых пазіцыях — на якіх былі 2 чэрвеня. Іншая справа, як учорашнія падзеі адбіліся на “Мінскіх пагадненнях”. Ці можна на іх ставіць тлусты крыж і рыхтаваць “Прэзідэнт-гатэль” да сустрэчы “Мінск-3”?

Расійскі палітолаг Сяргей Маркедонаў звяртае ўвагу на тое, што “на мірным “мінскім працэсе” ўжо столькі разоў ставілі крыж, што можна пісаць манаграфіі, а ў той жа час ніхто не адмяняў нават “Мінск-1” — проста ёсць агульны “Мінскі працэс”, які ўключае ў сябе некаторыя этапы”.

Сяргей Маркедонаў: “Мінскі працэс” сам па сабе не выгадны нікому і ўсім выгадны адначасова — у гэтым і парадаксальнасць. Бо з дапамогай “Мінскага працэсу” ні адзін з бакоў рашучай перамогі не атрымлівае. Для Украіны няма рашучай перамогі над сепаратыстамі і рэінтэграцыі Данбаса. У Расіі не атрымліваецца прарыву адносінаў з Украінай у тым сэнсе, каб Украіна спыніла свае еўраатлантычныя памкненні і здала назад. Тое ж і ў дачыненні Захаду — ён не ідзе на перагляд санкцыйнай палітыкі. Для Захаду не адбываецца спынення расійскага прасоўвання на ўкраінскім кірунку, не кажучы ўжо пра Крым”.

                                     Сяргей Маркедонаў

І сёння, лічыць эксперт, бакі шукаюць формулу, якая б задаволіла ўсіх. А для гэтага выкарыстоўваецца метад “разгайдаць сітуацыю і падняць стаўкі ў гэтай гульні”. Калі ж усё-такі дойдзе да “Мінска-3”, то ён ужо будзе з амерыканскім удзелам. Бо “ўсё адно гэты канфлікт без амерыканскага ўдзелу цяжка вырашыць”, кажа Маркедонаў.

Кіеў будзе да апошняга трымацца за “Мінск-2” і пагадненні, якія там былі дасягнутыя, падтрымлівае расійскага калегу ўкраінскі палітолаг Яўген Магда. А ўсё таму, што іх прызнаюць і Украіна, і сепаратысты, і Расія, і Захад. І робіць нечаканую выснову:

“З гэтай прычыны баевікі і пайшлі на эскалацыю напружанасці. Цікавая атрымалася схема: напярэдадні Азамат Кульмухаметаў першым пакінуў пасяджэнне Кантактнай групы, і на наступны дзень баявікі пачынаюць наступ на Мар’інку. Я бачу ў гэтым сувязь: Расія спрабуе павышаць стаўкі і працягвае ваяваць са Злучанымі Штатамі і Захадам на ўкраінскай тэрыторыі”.

                                Яўген Магда

А яшчэ лідар прэзідэнцкай фракцыі ў Радзе Юрый Луцэнка пачаў казаць пра эканамічную блакаду Данбаса. Варыянт для Расіі непрымальны, бо тады ёй трэба альбо браць на сябе забеспячэнне новаўтвораных “рэспублік”, ці шукаць іншыя спосабы выхаду з сітуацыі. “А чым эскалацыя канфлікту не спосаб?” — кажа Яўген Магда.

Тым не менш, нягледзячы на тое, што ніводны з пунктаў “Мінскіх пагадненняў-2” так і не быў выкананы, яны былі выгадныя Украіне, упэўнены Яўген Магда. Хаця б таму, што Кіеў скарыстаў гэты час для павышэння баяздольнасці арміі. Адпаведна, іх трэба прытрымлівацца і надалей. Іншая ацэнка ў Дзмітрыя Тымчука.

Дзмітрый Тымчук: “Мінскія дамоўленасці-2” — гэта, як і трэба было чакаць, не больш чым ілюзія “мірнага дыялогу”. Дамаўляцца пра нейкія перамір’і з “ДНР” і “ЛНР” — гэта прыкмета слабага розуму і неадэкватнай ацэнкі сітуацыі. Весці перамовы можна толькі з ініцыятарам і галоўным арганізатарам агрэсіі — з Расіяй, пасля прызнання ёй сваёй адказнасці за падзеі на Данбасе”.

І што па выніку баёў на Данбасе 3 чэрвеня займелі бакі, якія выгады? Ні ў кога не было нейкай рашучай перамогі, і наўрад ці нейкі бок зараз можа яе дабіцца, кажа Маркедонаў. І тлумачыць, якую “рашучую перамогу” мог бы Крэмль “прадаць” расіянам:

“Данбас застаецца ў складзе Украіны, але такая Украіна дакладна не ідзе ў NATO. Гэта можна было б абмяркоўваць і неяк “прадаваць”. Але сёння Захад рашуча настроены на “сербскі варыянт”: Масква вінаватая і павінная быць пакараная. Не ваенным уварваннем, але палітычна пакараная. Але ў такім выпадку ў Масквы і Пуціна забіваецца матывацыя да нечага сур’ёзнага і прарыўнога”.

І што ў такім выпадку?

“Яшчэ будзе шмат спроб націснуць на Украіну такім чынам. Але я думаю, што ўкраінскія ваенныя выстаяць і не дадуць падстаў для таго, каб Расія патрабавала ад Украіны палітычных саступак”, — разважае Яўген Магда.

“Ва ўчорашнім наступе на Мар’інку ўдзельнічала да 1 тысячы чалавек. А па нашых звестках, Данецкая групоўка налічвае каля 6 тысяч. Гэта азначае адно: учора мы бачылі толькі “разведку боем”, — упэўнены Дзмітрый Тымчук.

А вядомы ўкраінскі валанцёр Юрыяй Касьянаў задаецца пытаннем: “Так, мы адстаялі Мар’інку. Але чаму мы зноў і зноў толькі адказваем, цаной салдацкіх жыццяў прытрымліваючыся славутых “мірных пагадненняў”?  

Фота: www.rbc.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі