Ці сапраўды беларусы ўз’ядналіся ў 1939 годзе? Погляд гісторыка
Агітацыйны савецкі плакат
17 верасня ў Беларусі праходзіць Дзень народнага адзінства — ідэалагічная падзея, якая павінна нагадаць беларусам аб уз’яднанні Заходняй і Усходняй часткі краіны ў момант пачатку Другой сусветнай вайны.
Але ці варта лічыць гэтую падзею нацыянальным святам? Якую палітыку ў дачыненні да беларусаў праводзіла польскае і савецкае кіраўніцтва? Ці была Заходняя Беларусь дваццаць год акупаваная Польшчай? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказаў гісторык Павел Церашковіч.
— Тры гады таму ў Беларусі раптоўна ўзнікла ідэалагічнае свята Дня народнага адзінства. Чаму менавіта ў гэты момант Лукашэнка вырашыў яго ўвесці і ў чым схаваны сакральны сэнс гэтай падзеі?
— Тут ёсць два моманты вынаходніцтва гэтага свята.
Першае — гэта тая палітычная сітуацыя, якая была ў 2021 годзе, калі ўзнік відавочны раскол паміж грамадствам і ўладай. І рэжыму было патрэбна стварыць нейкі сурагат народнага адзінства, якое б існавала хаця б у мінулым. Вось таму і згадалі гэту падзею.
І па-другое, сама рыторыка, якая атачае гэтае “свята”, яна супадае з той антызаходніцкай рыторыкай, якая з'яўляецца дзяжурнай у ідэалогіі рэжыму. У ім галоўная мішэнь — суседняя Польшча. Так што гэта дзве галоўныя прычыны, чаму адбылося ўзнікненне гэтага свята ў 2021 годзе.
— Рэжым стала распавядае, што жыхары Заходняй Беларусі вельмі дрэнна жылі ў міжваеннай Польшчы. А як было насамрэч? У чым былі добрыя і дрэнныя бакі гэтага жыцця?
— Тут, ведаеце, каб казаць добра ці дрэнна, трэба з нечым параўноўваць.
Калі гэта рабіць з Усходняй Беларуссю, з БССР, то ўсё ж такі большая частка беларусаў на захадзе матэрыяльна жыла лепей, гэта абсалютна дакладна. Звязанае гэта з тым, што не было калектывізацыі сялянскіх гаспадарак, якая загнала беларусаў на ўсходзе ў новы савецкі прыгон. І не было такіх масавых рэпрэсій і фізічнага вынішчэння людзей, якія былі на ўсходзе.
Але канешне нельга казаць, што ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час усё было добра, па той прычыне, што гэта была ўскраіна Польшчы, на якую ўлады цалкам не звярталі ўвагі.
Калі ўзяць тэрыторыю Заходняй Украіны, то там увагі было больш. Дастаткова параўнаць, як развівалася Вільня і Гародня ў міжваенны час, і што ў гэты час адбывалася з Львовам. Гэта абсалютна розныя рэчы.
То-бок Заходняя Беларусь была аграрнай ускраінай. Былі адносна невялічкія інфраструктурныя праекты, шашэйныя дарогі будаваліся, чыгунка трохі развівалася.
Але агулам індустрыі было вельмі мала. І па паказчыках — гарадское насельніцтва скарачалася, нават у параўнанні з часамі Расійскай імперыі.
Зноў жа, калі параўноўваючы з усходняй часткай БССР з палітычнага пункту гледжання, то абсалютна відавочна, што ў БССР і ва ўсім Савецкім саюзе ўжо аформіўся таталітарны рэжым.
— Як варта ставіцца да Сталіна і яго ролі ў стварэнні сучаснай Беларусі. Лукашэнка і дзяржаўная прапаганда сцвярджаюць, што яго роля ў гэтых працэсах была вельмі значнай. Ці варта аспрэчваць гэта?
— Ведаеце, мне здаецца, што Сталіну было абсалютна напляваць на Беларусь і на беларусаў.
Яму было важнае захоўванне БССР у складзе Савецкага Саюза. Гэта кшталту такой сякеры пад лаўкай, на ўсялякі выпадак, раптам спатрэбіцца. А вось у 1939 годзе яно так і аказалася.
Калі савецкія дыпламаты звярталіся і спрабавалі нейкім чынам апраўдаць гэты паход Чырвонай арміі 17 верасня, яны казалі, што Польшчы ўжо нібыта няма, яна знікла, і нам трэба абараніць адзінакроўных беларусаў і ўкраінцаў. І больш нічога не было трэба.
І тут можна параўнаць са стварэннем у дваццатыя гады Малдаўскай аўтаноміі ў складзе Украіны. Трэба было прадэманстраваць, што частка Малдовы — яна ў нас, і трэба ўз'яднаць яе з той часткай, якая калісьці была ў Расійскай імперыі, але трапіла ў склад Румыніі.
Гэта інструменталізацыя пытання. І проста вось за кошт гэтай рыторыкі нібыта абароны адзінага кроўнага насельніцтва, адбывалася апраўданне геапалітычных захопаў. І больш нічога.
Тут яшчэ трэба дадаць пра тэрмін уз'яднанне. Уз'яднанне — гэта калі б ва Усходняй і Заходняй Беларусі былі сілы, якія б у тыя часы змагаліся за гэтае ўз'яднанне, а іх фактычна не было.
Усіх актыўных ва Усходняй Беларусі папросту фізічна знішчылі. А ў Заходняй Беларусі таксама амаль не засталося актыўных палітычных сіл.
Тая ж самая кампартыя Заходняй Беларусі, якая нібыта змагалася за ўз'яднанне, дык і яе ж не было — распусцілі ў 38 годзе па рашэнні Камінтэрна. А яе кіраўнікоў рэпрэсавалі ў самой БССР.
Тут сітуацыя была такая, што беларусаў проста выкарысталі дзеля таго, каб павялічыць тэрыторыю СССР, і ўсё.
І яшчэ раз, Сталіну на гэта было абсалютна напляваць.
— Калі адрынуць ідэалагічны налёт, ці варта беларусам сапраўды адзначаць 17 верасня як сапраўднае нацыянальнае свята альбо лепш яго ніяк не згадваць?
— Тут узнікае пытанне, а чаму ў пасляваенны час у савецкай Беларусі гэта свята ніяк не адзначалі. Гісторыкі, якія спецыяльна займаліся гэтым пытаннем, кажуць, што апошні раз гэта адбылося ў сорак дзявятым годзе. Вось і лічыце — фактычна там некалькі год штосьці было, а потым пра гэтую дату можа ў календары адрыўным штосьці было напісана і не больш.
Безумоўна, беларусы апынуліся разам. Але пытанне: дзе яны апынуліся? Можна казаць пра ўз'яднанне, што гэта калі сям'ю пасадзілі ў вязніцу. І вось яна ўз'ядналася ў адным месцы.
І з пункту гледжання самой стратэгіі нацыянальнага руху таксама пытанне — ці было гэта добра, ці не? Ёсць вядомы гісторык амерыканскі, Цімаці Снайдэр, які заўважыў, што беларускі нацыянальны рух у XIX стагоддзі не быў такім паспяховым, як літоўскі ці ўкраінскі.
Гэта звязанае з тым, што беларусы былі ўсе цалкам у складзе Расійскай імперыі. А вось частка ўкраінцаў была ў Аўстра-Венгрыі. А частка літоўцаў — у складзе Германіі. Там было больш свабоды, больш магчымасцей займацца нацыянальнай справай.
Гэта сапраўды так. Львоў быў такім прытулкам для ўкраінскіх інтэлектуалаў, якія прыязджалі з Расійскай імперыі. А Ёнас Басанавічус ва Ўсходняй Прусіі выдаваў першы нацыянальны літоўскі часопіс “Аўшра”.
І, магчыма, калі б такі падзел захоўваўся далей, то зноў жа Заходняя Беларусь была б такім месцам, П’емонтам, як кажа Цімаці Снайдэр, які быў бы драйверам развіцця нацыянальных падзей.
Але як склалася, так склалася, і як да гэтага ставіцца? Вось менавіта так і ставіцца, што ў гэтай з'явы ёсць розныя бакі, і шмат якія моманты негатыўныя ёсць, а ёсць і пазітыўныя.
Я нагадаю цытату з кніжкі са знакавай назвай “Украіна — гэта не Расія” прэзідэнта Кучмы, якую ўжо забылі, якая была выдадзеная ў пачатку нулявых гадоў ва Украіне.
У ёй у тым ліку асэнсоўвалася сітуацыя, што тэрыторыі Прычарнамор'я, гэтыя славутыя ўкраінскія стэпы, яны былі аб'яднаныя з этнічнай украінскай тэрыторыяй у XVIII стагоддзі і з дапамогай імперскага расійскага войска.
І вось Кучма пра гэта піша так: “Рукамі нашых прыгнятальнікаў мы атрымалі выйсце да Чорнага мора”. Тут таксама можна сказаць, што рукамі нашых прыгнятальнікаў мы ўсе ўз'ядналіся ў адзінай беларускай сям'і.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.