За 10 гадоў кітайскі экспарт у Беларусь вырас у 50 разоў

Ці залежыць рост гандлю ад афіцыйных візітаў? Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі з прадзяржаўнага і незалежнага лагераў.

“Ёсць пэўная сувязь. Калі паглядзець на гандаль з усімі развіваючыміся краінамі, то ўбачым, што развітая лінейка ёсць толькі ў выпадку некалькіх з іх. І гэта тыя краіны, з якімі кіраўніцтва Беларусі наладжвала палітычныя адносіны на працягу многіх гадоў”, — каментуе Еўрарадыё эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэй Елісееў.

Ён называе краіны, беларускі экспарт у якія мае найбольш пазіцый (акрамя краін СНД, вядома). Гэта Кітай, Турцыя, Венесуэла, Іран ды Куба. З іншымі новымі сябрамі калі і гандлюем, то звычайна сыравінай. Часцей за ўсё — калійнымі угнаеннямі.

Аднак развіццё гандлю нават з агучанымі краінамі ў Беларусі часта бывае аднабаковым. Напрыклад, за апошнія 10 гадоў згодна з Белстатам, беларускі экспарт у Кітай вырас са 163 мільёнаў долараў да 434. То бок павялічыўся ў 2,5 разы. Вырас за гэты час і кітайскі экспарт у Беларусь. З 46 мільёнаў да… 2 мільярдаў 368 мільёнаў. Гэта больш чым у 50 разоў! Каму больш выгадныя паездкі Лукашэнкі ў Пекін — лічыце самі.

Кіраўнік Беларусі па розных прычынах ездзіць можа не паўсюль. Напрыклад, трапіць у ЕС ці ЗША Лукашэнку складана. Аднак рост імпарту і экспарту паміж нашай краінай і Захадам не спыняецца. Андрэй Елісееў тлумачыць, што гэта перадусім вынік працы нашых нафтаперапрацоўчых заводаў.

“З ЕС таваразварот рос перадусім дзякуючы экспарту нафтапрадуктаў. Не праз пашырэнне асартыменту беларускіх тавараў і не праз пашырэнне іх аб’ёму. Гэта ўсё рээкспарт расійскіх нафтапрадуктаў альбо прадукты перапрацоўкі расійскай нафты”.

А рост заўважны. У Польшчу, напрыклад, за дзесяць апошніх гадоў Беларусь пачала прадаваць у 3,5 разы больш тавараў (імпарт павялічыўся з 273 мільёнаў долараў у 2002 годзе да 949 у 2012-ым). І цяпер мы прадаём заходнім суседзям тавараў на суму ў два разы большую, чым Кітаю.

Эканаміст Юрый Шаўцоў таксама кажа, што развіццё гандлю непасрэдна залежыць ад асабістых візітаў кіраўніцтва краіны ў тую альбо іншую дзяржаву. На яго думку, заўважна гэта нават у заходнім накірунку.

“Нягледзячы на ўсе абмежаванні, нядаўна адбыўся візіт прэм’ера Міхаіла Мясніковіча ў Літву на форум у Клайпеду. І там адбылася беспрэцэдэнтная падзея — падпісанне пагаднення аб набыцці Беларуссю 30% акцый вельмі важнага для нас калійнага тэрмінала клайпедскага парта”.

Шаўцоў дадае, што інтарэсы Беларусі на Захадзе паспяхова прадстаўляюць амбасадары. Яго апаненты пярэчаць тым, што беларускай прадукцыі на Захадзе рабіць няма чаго — неканкурэнтаздольная, маўляў. А таму ніякія візіты сітуацыі кардынальна не зменяць.

Што ж да першага месца ў росце беларускага экспарту за апошнія гады, то яго займае… Афганістан. З 2000 года да 2012 ён павялічыўся ажно ў 156 разоў і склаў 156 мільёнаў долараў. Гэта больш, чым у такія краіны як Кыргызстан, Узбекістан, Арменію і Таджыкістан. Пры гэтым, у Афганістан пакуль не толькі кіраўніцтва краіны не даехала, але нават і дэмакратычная апазіцыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі