Ці згодныя беларускія музыкі з прапановай Хлястова абмежаваць канцэрты расіян

Ці згодныя беларускія музыкі з прапановай Хлястова абмежаваць канцэрты расіян

“Ёсць жаданне часцей гастраляваць, але не атрымліваецца, — кажа ў інтэрв’ю відэаадгалінаванню “СБ” спявак Аляксей Хлястоў. — Бо нашы калегі з іншых краін пасля абвалу курса долара літаральна лінулі ў Беларусь. Прычым, па такіх дэмпінгавых коштах, што, жывучы ў сваёй краіне, я не магу гастраляваць. На месцы Міністэрства культуры я б усё ж звяртаў на гэта ўвагу і рабіў нейкія сур’ёзныя рэмаркі для гэтых людзей. Ці пакуль ідзе такі крызісны час, прабачце за такое, можа быць, грубае слова, абмежаваў бы ім уезд”.

Справа ў тым, што большасць спробаў “забіць” пад канцэрт якую-небудзь дату ў мясцовых Дамах культуры завяршаюцца адмовай. Маўляў, хапае расійскіх артыстаў і беларускія іх ужо не цікавяць. Некалькі разоў падчас размовы Аляксей Хлястоў акцэнтуе, што кажа выключна пра сябе.

Еўрарадыё цікавіцца, ці паўплывалі актыўныя гастролі замежных зорак па Беларусі на іншых прадстаўнікоў нашай сцэны і ці згодныя яны з прапановай абмежаваць прывоз расійскіх артыстаў?

“У мяне нічога не змянілася, як працаваў, так і працую, як збіраў аншлагі, так і збіраю, — кажа Аляксандр Саладуха. — Але, напэўна, я падтрымаю Хлястова. Так зрабіла Украіна, і цяпер на іх тэрыторыі расіяне не выступаюць. Спачатку мне падавалася гэта нонсэнсам, а цяпер я разумею, што правільна. Яны зрабілі так, каб працавалі свае артысты. Сапраўды вельмі многа беларускіх артыстаў, якія не раскручаныя ні ў Расіі, ні ва Украіне і адзіная магчымасць працаваць і зарабляць на жыццё — выступамі ў Беларусі. Таму такая прапанова цалкам лагічная”.

Паразважаўшы крыху і прадставіўшы, што расіяне і украінцы могуць адказаць тым жа, кароль беларускай эстрады ўсё ж змяняе сваё меркаванне: “Не, у такім выпадку няхай ездзяць усе!”.

А вось прадстаўнікоў беларускай рок-сцэны мала цікавіць “засілле” замежных артыстаў.

“Канкрэтна Akute яны не замінаюць, — кажа Раман Жыгараў, бас-гітарыст магілёўскага гурта, які рэгулярна ездзіць з турамі па беларускіх гарадах. — Мы нават не звяртаем на гэта ўвагу, бо я ўпэўнены, што наша публіка ніяк не пераклікаецца з расійскімі зоркамі. І праз тое, што сюды прыязджае расійская эстрада, людзей да нас меней хадзіць не стала. Калі ўвогуле, то наведвальнасць упала, але так у ва ўсіх. Прычына гэтаму крызіс, а не расійскія зоркі”.

А вось лідара Neuro Dubel Аляксандра Кулінковіча здзіўляе колькасць канцэртаў, пра якую кажа Аляксей Хлястоў. Маўляў, 6-7 канцэртаў за месяц, якіх не хапае Хлястову, для нашых рокераў — вельмі шмат. Але і ў рокераў бывае, што сутыкаюцца інтарэсы. Напрыклад, некалі Neuro Dubel выступаў у адзін дзень з гуртом “Ария” і быў канкрэтны недахоп публікі.

“Але ў выніку на “Арию” я ж не пакрыўджаны, — усміхаецца Кулінковіч. — Гэта здаровая канкурэнцыя, людзі больш жадаюць пачуць “Арию”, можа, яны радзей яе бачаць. Не бачу ў гэтым праблем. Мяне пужае слова “забараніць”, “рэгламентаваць”… У нас настолькі ўсё ўпарадкавана, паўсюль нейкія квоты… на радыё ў нас уведзена 70% беларускай музыкі, дык давайце яшчэ і 70% беларускіх канцэртаў увядзем! Людзі зрабілі свой выбар! Зыходзячы з якасці, коштаў, сваіх прыярытэтаў… “Дзюбель” яны яшчэ ўбачаць, а “Арию” — невядома, калі. Вось так людзі і выбіраюць! Можа, сапраўды яны выберуць Філіпа Кіркорава, а не Хлястова, ну і што? У чым праблема я не разумею?”

Аляксандр дадае, што прапанова абмяжоўваць уезд заходніх зорак у Беларусь вельмі нагадвае знакамітае “купляйце беларускае!”: замежнае, таннае і якаснае, прыбіраем і пакідаем дарагое, ніякае, але сваё. “Выканаўца мала чым адрозніваецца ад каўбасы, яго таксама трэба рэкламаваць”, — рэзюмуе Кулінковіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі