Ціханоўская ў Еўрапарламенце гаварыла пра бязвіз для беларусаў

Святлана Ціханоўская / Reuters
Святлана Ціханоўская / Reuters

У Еўрапарламенце ў панядзелак адбыліся ўрачыстыя слуханні, прысвечаныя прысуджэнню беларускай дэмакратычнай апазіцыі прэміі "За свабоду думкі" імя Андрэя Сахарава.

"Прэміяй Сахарава гэтага года Еўрапарламентам былі адзначаны тыя, хто з рэдкай настойлівасцю і бяспрыкладнай мужнасцю адстойвалі права народа Беларусі на свабоду і дэмакратыю", — заявіў, адкрываючы слуханні, член камітэта па замежных справах Еўрапарламента Дэвід Мітчэл.

Вераніка Цапкала, чыё імя таксама называюць сярод лаўрэатаў прэміі, прысутнічала на слуханнях. Яна згадала, як удзельнікаў перадвыбарнай гонкі часта пыталі, навошта яны ўвязаліся ў выбарчую кампанію, калі відавочна, што яны "ў любым выпадку былі асуджаныя на пройгрыш".

"Я адкажу: Лукашэнка фальсіфікаваў вынікі выбараў апошнія 26 гадоў, і так, сёлета ён зноў гэта зрабіў. Таму мы спыталі сябе — калі не мы, то хто павінен усё гэта спыніць?" — сказала Цапкала.

Святлана Ціханоўская размаўляла з удзельнікамі ўрачыстых слуханняў па сувязі з Берліна. Яна заклікала ЕС абарваць адносіны з усімі, хто прадстаўляе рэжым Лукашэнкі, а таксама перастаць весці бізнес з рэжымам.

"У дачыненні да яго (Лукашэнкі — Еўрарадыё) павінная быць нулявая цярпімасць. Я заклікаю вас ліквідаваць візы для беларускіх грамадзянаў, якія едуць у ЕС. Аказаўшы падтрымку Беларусі сёння, вы падтрымліваеце Беларусь заўтра", — сказала Ціханоўская.

Ціханоўская размаўляла на англійскай мове. Праваабаронца Алесь Бяляцкі пачаў сваю прамову на беларускай мове, але вымушаны быў перайсці на рускую праз узніклыя складанасці з перакладам. "Першы блін камяком", цытуе Бяляцкага агенцтва ТАСС. Перайшоўшы на рускую, ён казаў пра тое, што беларусы хочуць пераменаў і сутыкаюцца з вельмі высокім узроўнем рэпрэсій.

Афіцыйнае ўзнагароджанне прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі адбудзецца ў Брусэлі ў сераду, 16 снежня. Мяркуецца, што разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкала ў цырымоніі возьме ўдзел Таццяна Хоміч — родная сястра Марыі Калеснікавай, якая застаецца ў Беларусі ў зняволенні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

(

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі