Да 23:00. Мінскія ўлады абмежавалі час працы трох бараў на Зыбіцкай

Да 23:00. Мінскія ўлады абмежавалі час працы трох бараў на Зыбіцкай

Мінскія ўлады абмежавалі час працы трох бараў на тусовачнай вуліцы Зыбіцкай. "Дэпо#2", "DIY" ды спартовы бар "4-4-2" цяпер маюць права працаваць толькі да 23:00. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісаў дырэктар "4-4-2" Макс Старцаў.

Па яго словах, 14 чэрвеня ў Адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска адбылася нарада, на якую запрасілі кіраўнікоў забаўляльных установаў з вуліцы Зыбіцкай. "Паміж іншага, там прагучала выказванне: "Ніхто не збіраецца абмяжоўваць вам рэжым працы! Мы заклікаем усіх з'яднацца і разам падтрымліваць акуратнасць і парадак на галоўнай барнай вуліцы Мінска!" — распавядае Старцаў.

Аднак не прайшло і трох дзён, як час працы трох бараў, што месцяцца ў будынку па Зыбіцкай, 6, быў абмежаваны. "Калі каротка, фармулёўка гэтага ўсяго гучыць так: "За апошні час на ўсёй вуліцы зафіксавана пэўная колькасць правапарушэнняў. Блізу траціны з іх зарэгістраваныя на тэрыторыі каля "Дэпо#2", "DIY" ды "4-4-2". Таму гэтыя тры ўстановы будуць працаваць да 23:00", — працягвае рэстаратар.

Па яго словах, на тэрыторыі "4-4-2" не адбылося ніводнага правапарушэння, супрацоўнікі бара ніводнага разу не націскалі трывожную кнопку. Таму адказнасць за тое, што адбываецца "недзе ля ракі" (уваход у "4-4-2" выходзіць да Свіслачы) бар несці не павінен.

Улады пачалі пільна прыглядацца да вуліцы Зыбіцкай пачаліся пасля таго, як Цэнтральны раён Мінска ўзначаліў былы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Ён жа нядаўна выступіў за знос пасляваеннай забудовы ў сталічным раёне Асмалоўка, назваўшы двухпавярховыя домікі "каробкамі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі