Дацэнту з Полацкага ўніверсітэта пасля 15 сутак арышту далі яшчэ столькі ж
Дацэнт кафедры сацыяльных камунікацый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук Віктар Якубаў правядзе пад арыштам цэлы месяц. Як піша TUT.by, мужчыну двойчы асудзілі на 15 сутак, абодва разы — паводле "народнага" артыкула 23.34.
Першы раз Якубава затрымалі 20 снежня пасля дзіцячага свята каля ялінкі ў Наваполацку. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў ланцугу салідарнасці, які прайшоў у той дзень у горадзе.
"Віктар не быў у тым ланцугу салідарнасці, ён нават не ведаў пра гэту акцыю. Мы з дзецьмі — а ў нас іх двое, чатырох і сямі гадоў, — былі на свяце каля елкі. Адтуль Віктара і забралі ў міліцыю", — распавядае яго жонка Юлія Якубава.
Трое сутак выкладчык адбыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, 23 снежня суд накіраваў справу на дапрацоўку. І 5 студзеня суддзя Зінаіда Балаболава прысудзіла Якубаву 15 сутак арышту. З улікам таго, што трое сутак ён ужо адбыў, засталося 12.
Аднак 18 студзеня Якубаў на волю не выйшаў. Па словах жонкі, на яго склалі новы пратакол — за шэсце ў Наваполацку 5 снежня. "Я бачыла відэа з гэтай акцыі. На ім цьмяныя сілуэты людзей, і ўдзел у шэсці можна прыпісаць каму заўгодна. Суд адбыўся 20 студзеня, і тая ж суддзя Зінаіда Балаболава дала Віктару зноў 15 сутак. Адзін з міліцыянтаў нібыта пазнаў сярод удзельнікаў шэсця майго мужа — па паходцы і акулярах", — кажа Юлія.
Дарэчы, саму Юлію Якубаву будуць судзіць 25 студзеня — яе вінавацяць ва ўдзеле ў тым самым шэсці, якое адбылося ў Наваполацку 5 снежня. Па яе словах, на скрыншоце з відэа міліцыянты абвялі адну з цьмяных фігур і падпісалі "Якубава".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.