Дактары папярэджваюць пра сур'ёзнае ўскладненне ў дзяцей пры заражэнні амікронам
У маленькіх дзяцей пры COVID можа развіцца востры ларынгатрахеіт / РІА Новости
Пры заражэнні штамам каранавірусу "амікрон" у дзяцей да пяці гадоў можа развіцца смяротна небяспечны стан — востры ларынгатрахеіт, кажа расійскі доктар-педыятр, доктар медыцынскіх навук Сяргей Токараў. Яго словы прыводзіць уральскі інфармацыйны партал Ura.ru.
Пры вострым ларынгатрахеіце можа ацячы гартань. У гэтым выпадку дзіця трэба тэрмінова шпіталізаваць, інакш яно можа загінуць, адзначыў доктар. Паводле яго слоў, гэтае ўскладненне часцей здараецца ў хлопчыкаў да пяці гадоў.
Раней востры ларынгатрахеіт у дзяцей ранняга ўзросту "развіваўся пры парагрыпе, але цяпер расце колькасць такіх выпадкаў і пры амікроне", адзначыў Токараў.
Ён таксама расказаў, на што варта звяртаць увагу бацькам хворых дзяцей. Калі на фоне захворвання насагубны трохвугольнік у дзіцяці зрабіўся белага або сіняга колеру, пачаўся "брахлівы" кашаль, дыханне пачасцілася, зрабілася шумным, у ім з'явіўся свіст — трэба неадкладна звяртацца да дактароў.
Раней беларускі педыятр Кірыл Савосценка апавядаў, як хварэюць каранавірусам дзеці ў Беларусі. Паводле яго слоў, цяжкія станы здараліся ў дзяцей старэйшага ўзросту — ад 10 гадоў. Былі нават выпадкі развіцця мультысістэмнага запаленчага сіндрому. А ў маленькіх нярэдка фіксуюць праблемы з ЖКТ — амікрон правакуе ў іх яшчэ і дыярэю, і ваніты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.