Дарадца Авакава: Імёны беларусаў, якія загінулі на Данбасе, назавём пазней
Чаму імёны байцоў, што загінулі пад Ілавайскам, пакуль не называюць, якімі будуць адроджаныя батальёны, кажа дарадца міністра Авакава Заран Шкірак.
Цалкам размова:
Даведка Еўрарадыё: Заран Шкірак — дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Арсена Авакава. кіраўнік грамадскага аб’яднання “Новы Кіеў”, прэзідэнт аналітычнага цэнтра “Новы Кіеў”, адзін з лідараў Майдана 2013—2014 гадоў, сябра Усеўкраінскага аб’яднання “Майдан”. Кандыдат у прэзідэнты на пазачарговых выбарах 2014 года.
Еўрарадыё: Трагедыя пад Ілавайскам, дзе ў акружэнне трапілі ўкраінскія вайскоўцы, нарадзіла шмат панічных каментарыяў у сацсетках: што батальёны добраахвотнікаў цалкам знішчаныя, што адрадзіць іх не ўдасца і што ўся армія ў паражэнчым настроі. Гэта адпавядае рэчаіснасці?
Заран Шкірак: Нашы батальёны добраахвотнікаў, у тым ліку батальёны Міністэрства ўнутраных спраў, сёння з’яўляюцца авангардам сіл антытэрарыстычнай аперацыі і ажыццяўляюць самыя складаныя задачы па змаганні з расійскай арміяй на тэрыторыі Украіны. З улікам таго, што сёння нам супрацьстаяць рэгулярныя войскі, спецпадраздзяленні Галоўнага разведупраўлення, элітныя дэсантныя дывізіі УС Расіі — Разанская, Пскоўская і Кастрамская. Але нашы батальёны паказалі высокі ўзровень нават у такіх складаных сітуацыях, як пад Ілавайскам, калі апынуліся ў аператыўным акружэнні. Магу сказаць, што батальёны добраахвотнікаў МУС і сёння папаўняюцца, праходзяць навучанне і падрыхтоўку для выканання задач у вайне супраць расійскіх акупацыйных войск. Ніякіх сумневаў няма, што нашы батальёны і ў далейшым будуць знішчаць ворага. Прычым яшчэ больш эфектыўна, бо на ўзбраенне батальёнам пойдзе цяжкая тэхніка: танкі, гарматы і гэтак далей. Не трэба звяртаць увагі на штучна створаную паніку ў сацсетках. Наадварот, цяпер колькасць ахвочых пайсці на службу ў спецбатальёны Нагвардыі, МУС, тэрытарыяльнай абароны Узброеных сіл толькі павялічваецца. Тысячы людзей прыходзяць у ваенкаматы і звяртаюцца на нашы “гарачыя лініі”.
Еўрарадыё: Пад Ілавайскам батальён “Данбас”, які падпарадкоўваецца вашаму міністэрству, панёс цяжкія страты. Са слоў камбата Сямёна Сяменчанкі, у яго батальёне служылі 15 беларусаў — нешта вядома пра іх лёс?
Заран Шкірак: Я шчыра ўдзячны гэтым мужным воінам, якія разам з украінцамі, грузінамі і прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў сёння тут змагаюцца, у тым ліку за свабоду і незалежнасць сваіх дзяржаў. Гэта для нас вельмі важна. Бо ўсведамленне сумеснай барацьбы супраць Антыхрыста і навалы рашысцкай чумы павіннае аб’ядноўваць усіх людзей: вы бачыце, якія ўжо цяпер настроі і ў Казахстане праяўляюцца. Я не выключаю таго, што і ў Беларусі рана ці позна ланцуговая рэакцыя пойдзе ў патрэбным рэчышчы. Што тычыцца хлопцаў, якія ваявалі, то цяпер інфармацыі няма ў адкрытым доступе, зыходзячы з меркаванняў не толькі канфідэнцыйнасці, але і сакрэтнасці. З пункту гледжання агучвання імёнаў людзей, якія знаходзіліся ў “Ілавайскім катле”. Колькасна мы гаворым, але персанальна пакуль не абнародавана, бо прайшло мала часу, і вельмі складана ідэнтыфікаваць усіх удзельнікаў гэтых падзей. Але думаю, што ў найбліжэйшы час мы будзем ведаць і раскажам пра лёс хлопцаў, якія там знаходзіліся.
Еўрарадыё: Да прэзідэнта Парашэнкі з просьбай афіцыйна дазволіць замежным грамадзянам ваяваць на баку Украіны звярталіся і камбат Сямён Сяменчанка, і Мустафа Джамілёў, не ведаеце, на якой стадыі гэтае пытанне?
Заран Шкірак: Сапраўды, гэтае пытанне ўздымалася неаднаразова. Цяпер для нас самае галоўнае — правядзенне якасных тактычна-аператыўных мер у зоне баявых дзеянняў. Бо трэба зрабіць усё, каб стрымаць магчымую спробу прарыву расійскіх войскаў далей, найперш размова ідзе пра Марыупальскі кірунак. Таму гэта сёння галоўнае. Што тычыцца законаў, то сёння прэзідэнт сустракаецца з кіраўнікамі парламенцкіх фракцый Вярхоўнай Рады, заўтра будзе пасяджэнне. Што канкрэтна там будуць абмяркоўваць, сказаць не магу, але не выключаю, што будуць абмяркоўвацца і гэтыя пытанні.
Заран Шкірак і камбат "Данбаса" Сямён Сяменчанка
Еўрарадыё: У Мінску 1 верасня сабралася кантактная група з прадстаўнікоў Украіны, Расіі, АБСЕ і самаабвешчаных рэспублік "ДНР" і "ЛНР". Вы верыце, што на гэтай сустрэчы знойдуць варыянты “ўрэгулявання ўкраінскага крызісу”?
Заран Шкірак: Гэта такая бязглуздзіца, да якой сур’ёзна ставіцца я не бачу ніякага сэнсу. Леанід Кучма можа, канечне, у Мінск пракаціцца, могуць туды пракаціцца і прадстаўнікі АБСЕ, пры ўсёй маёй да іх павазе. Яны робяць усё магчымае, каб канфлікт быў спынены. Але што да прадстаўнікоў тэрарыстычных банд, якія здзяйсняюць злачынствы на тэрыторыі Украіны, чые рукі ў крыві тысяч бязвінных ахвяр, то я думаю, што нават сама іх прысутнасць гэта ганьба, у тым ліку, і для Мінска, які робіць спробы неяк гэтую сітуацыю "разруліць". Гэта няправільна. Украіна ніколі не сядзе за стол перамоваў з міжнароднымі тэрарыстамі, міжнароднымі злачынцамі і забойцамі. Гэта павінная разумець міжнародная супольнасць, і па-іншаму проста не будзе. Пазіцыя Украіны адносна гэтых бандытаў адна: тэрарысты павінныя быць знішчаныя. Ну, альбо яны складаюць зброю і здаюцца законнай уладзе — іншых размоў быць не можа.
Еўрарадыё: Было б нечакана, калі б беларускія праваахоўнікі затрымалі гэтых сепаратыстаў і перадалі Кіеву.
Заран Шкірак: Мы б, напэўна, тады Лукашэнку на руках насілі! Але, на жаль, гэта малаверагодна ў сілу пэўных абставінаў. Разумееце, рана ці позна і перад Беларуссю паўстане неабходнасць выбару. Маніякальнае жаданне Пуціна і Крамля стварыць на тэрыторыі былога Савецкага Саюза рускую імперыю захоўваецца, і таму неабходнасць выбару перад беларусамі паўстане, з кім быць і як жыць.
Еўрарадыё: Сёння менавіта міністра абароны Украіны і камандуючага АТА вінавацяць у трагедыі пад Ілавайскам. Няма трывогі за лёс тых батальёнаў МУС, якія і надалей вымушаныя будуць падпарадкоўвацца камандам гэтых генералаў?
Заран Шкірак: Абвінавачваць некага цяпер — з майго боку ў найвышэйшай ступені некарэктна. Бо я лічу, што такія ўнутраныя разборкі, асабліва публічныя, у ваенны час недапушчальныя. Тое, што ёсць праблема, што мелі месца пралікі і, мякка кажучы, тактычныя памылкі, — гэта відавочна. І сёння прэзідэнт сказаў, што ў святле апошніх падзей будуць прынятыя ў тым ліку і кадравыя рашэнні. Імаверна, гэта будзе тычыцца і камандавання АТА. Зразумела, вайна — гэта вайна, але ў любым выпадку і любой сітуацыі жыццё кожнага воіна павіннае быць вышэйшым за ўсё. Уменне нанесці ўдар і захаваць жыцці — найвышэйшая ступень прафесіяналізму і правядзення аперацый. З іншага боку, трэба шчыра прызнаць, што сёння мы змагаемся з адной з самых моцных армій свету. І гэта армія дзяржавы з ядзернай зброяй, шматмільярдным бюджэтам і эканомікай, арыентаванай на ваенна-прамысловы комплекс. А наша армія знішчалася цягам апошніх 23 гадоў агентамі ГРУ і ФСБ. Зразумела, што складана ўсё гэта за непрацяглы час аднавіць. Мы і армію адраджаем, і вучымся ваяваць. У мяне ёсць сваё меркаванне наконт і ўзроўню віны, і ўмення планаваць аперацыі, але ў нас ёсць Галоўнакамандуючы, і апошняе рашэнне за ім. Гэта пытанні далейшай стратэгіі, і тут адказнасць за адпаведныя рашэнні бярэ на сябе прэзідэнт краіны.
Фота з архіва Зарана Шкірака