Дар'ю Чульцову не адпускаюць з-пад варты пад паручальніцтвы
Следчы камітэт адмовіўся выпускаць журналістку Дар'ю Чульцову пад асабістыя паручальніцтвы, паведамляе прэс-служба БАЖ. З такімі хадайніцтвамі звярталіся старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і галоўная рэдактарка газеты “Новы Час” Аксана Колб.
Следчы І. Кудзеля ў сваёй пастанове называе хадайніцтвы Бастунца і Колб неабгрунтаванымі і нематываванымі.
Па яго словах, у выпадку вызвалення Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, а таксама перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.
Таксама ў Следчы камітэт былі накіраваныя паручальнцітвы за вызваленне другой журналісткі "Белсата" — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Але іх лёс пакуль невядомы.
Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада падчас стрыму з "Плошчы Перамен". Дзячаты вялі трансляцыю з адной з кватэраў, калі туды ўламіліся сілавікі. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.