Дашкевіч: Ставіць намёт каля рэстарана ў Курапатах — нерацыянальна

Дашкевіч: Ставіць намёт каля рэстарана ў Курапатах — нерацыянальна

Ставіць намёт каля забаўляльнага комплексу "Поедем поедим" паблізу Курапатаў — нерацыянальна. Такое меркаванне выказаў падчас стрыму ў Фэйсбуку Зміцер Дашкевіч.

Дашкевіч мяркуе, што намёты каля Курапатаў не дадуць вялікага плёну, бо мала народу будзе ўдзельнічаць у такім змаганні. "Мажліва, тыдзень-два-тры там будзе чалавек па 10 тусавацца, а потым будзе ўсё менш", — кажа ён.

Актывіст прапанаваў дзейнічаць па двух напрамках. Першы — эканамічны байкот. Ён нагадаў, што журналісты высветлілі, каму належыць забаўляльны комплекс. Дашкевіч кажа, што варта па магчымасці байкатаваць гэтыя бізнэсы. 

Таксама ён прапануе аказваць маральны ціск на супрацоўнікаў і наведвальнікаў забаўляльнага комплексу. Дзеля гэтага ён прапанаваў дзяжурыць каля рэстарана і раздаваць улёткі з тлумачэннямі наконт Курапатаў. 

"Курапаты — сакральнае месца, там нельга рабіць сёння адно, а заўтра другое", — мяркуе Дашкевіч. Ён прапанаваў актывістам сур'ёзна ўзважыць свае сілы для абароны Курапатаў.

Дарэчы, Дашкевіч паведаміў, што Паўла Севярынца, затрыманага сёння па дарозе з Курапатаў, ужо вызвалілі з міліцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі