Даследаванне: маладыя мужчыны падчас крызісу схільныя да суіцыдаў

Замежныя СМІ ўсё часцей падымаюць тэму эканамічнага крызісу і росту колькасці самазабойстваў. Нядаўна эксперты заявілі, што паміж гэтымі дзвюма з’явамі можа існаваць сувязь. І хаця доказаў няма, але ёсць лічбы, якія агучвае BBC:

“У 2009 годзе на 37% павысілася беспрацоўе, а ВУП на душу насельніцтва ўпаў на 3%. У той жа час колькасць самазабойстваў пачала расці. Іх было на 5 тысяч больш, чым адбываецца звычайна”.

Гэтыя лічбы датычацца 27 еўрапейскіх краін, а таксама 18 краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. “Брытанскі медыцынскі часопіс”, які праводзіў даследаванне, сцвярджае, што ў “групу смерці”, у асноўным, трапляюць маладыя мужчыны 15-24 гадоў:

“Мужчыны, верагодна, з’яўляюцца галоўным здабытчыкам у сям’і. Адпаведна, яны больш пацярпелі ад рэцэсіі, чым жанчыны. Ім можа быць больш сорамна перад тварам беспрацоўя і яны радзей звяртаюцца па дапамогу”.

Дарэчы, у Вялікабрытаніі ў 2009-м адбылося на 300 суіцыдаў больш, чым чакалася. А ў Шатландыі псіхолагі гавораць пра праблемы, якія цяпер востра стаяць перад двума мільёнамі шатландцаў, — неспакой і трывога. Галоўная прычына — фінансавыя складанасці.

Шакуючая статыстыка па суіцыдах і ў Грэцыі —  краіне, якая, хіба, больш за ўсіх пацярпела ад крызісу. Паводле New York Times, за першыя 4 гады крызісу (з 2008 па 2011) колькасць грэкаў, якія пакончылі з жыццём, павялічылася на 45%. Чакаецца, што вынікі 2012 і 2013 гадоў таксама пакажуць рост.

Тым часам самай рызыкоўнай групай у справе суіцыдаў у Францыі з’яўляюцца фермеры, як адзначаецца ў новай справаздачы.

“Павышэнне смяротнасці праз самазабойства можа быць часткова звязана з сур’ёзнымі фінансавымі складанасцямі, з якімі сутыкнуўся сельскагаспадарчы сектар, пачынаючы з 2007 года”, —  кажуць аўтары даследавання.

Іншая праблема, якая можа прымушаць французскіх фермераў развітацца з жыццём, —  сацыяльная ізаляцыя. Напрыклад, вельмі шмат з іх не маюць мужоў і жонак. У выніку ім літаральна няма з кім пагаварыць. Можа і таму ў адказ на гэтую праблему апошнім часам у Францыі стварылі спецыялізаваныя сайты знаёмстваў для фермераў, такія як vachement.fr.

Варта адзначыць, што ў нашай краіне таксама даволі высокая колькасць суіцыдаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась 1949 беларусаў добраахвотна пакінулі жыццё.

Фота: bahamaspress.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі