Германія цалкам адмаўляецца ад расійскага вуглю і нафты
З 1 жніўня Германія адмаўляецца ад расійскага вуглю, а з 31 снежня — ад расійскай нафты. Пра гэта заявіў прэс-сакратар федэральнага канцлера Ёрг Кукіс падчас выступу на энергетычным форуме ў аўстралійскім Сіднеі.
Кукіс падкрэслівае, што незалежнасць Германіі ад расійскіх вуглю і нафты цалкам зменіць структуру энергазабеспячэння краіны. Раней Расія пастаўляла 40% вуглю, які спажываецца ў ФРГ.
"Кожны, хто знаёмы з гісторыяй трубаправода "Дружба", які служыў былому Савецкаму Саюзу інструментам на ўсю Усходнюю Еўропу, разумее, што пазбавіцца гэтай залежнасці няпроста, але нам атрымаецца гэта зрабіць цягам некалькіх месяцаў", — перадае словы чыноўніка Reuters.
Залежнасць ад расійскага газу — больш сур'ёзная праблема, адзначае Кукіс. Нягледзячы на тое, што ЗША і Катар здольныя сумесна паставіць у Еўропу каля 30 мільярдаў кубаметраў звадкаванага прыроднага газу, дэфіцыт застанецца, прычым не малы.
"Мы не можам проста ігнараваць гэтую праблему", — заявіў Кукіс. На дадзены момант Германія паскораныі тэмпамі стварае тэрміналы для прыёму амерыканскага і катарскага газу. Зімой улады спадзяюцца запусціць два з чатырох запланаваных плывучых ЗПГ-тэрміналаў на ўзбярэжжы Паўночнага мора.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.