Дэпартамент аховы праверыў скаргу мінчанкі на службу бяспекі супермаркета
Таццяна Гацура-Яворская атрымала адказ з Дэпартамента аховы. Яна скардзілася на дзеянні ахоўнікаў адной з крам, куды паслала сына за пакупкамі. У афіцыйным адказе гаворыцца, што гісторыя не адпавядае рэчаіснасці. Таццяна так не лічыць, бо верыць сыну:
"Для пачатку схаджу да іх, у Дэпартамент аховы. Азнаёмлюся з відэазапісамі, з матэрыяламі праверкі. Мне цікава, як яны вызначылі, дзе там мой сын. Потым буду думаць, што рабіць далей. Так проста я гэтага не пакіну", ― расказвае Еўрарадыё Таццяна Гацура-Яворская.
Непрыемная гісторыя адбываецца 3 траўня ў мінскім супермаркеце "ГІПА"на вуліцы Сухараўскай, 31. 14-гадовы Кастусь ідзе ў краму за прадуктамі, купляе ўсё, што папрасілі бацькі, разлічваецца і збіраецца вяртацца дадому, але хлопчыка спыняюць супрацоўнікі службы бяспекі.
"Сын, калі вярнуўся з крамы, то расказаў, што яго правяралі ў асобным пакоі. Глядзелі, ці не скраў ён нешта ў краме. Як разлічыўся на касе, то адразу адвялі. Праверылі заплечнік і адпусцілі ― там нічога не было", ― расказвае маці Кастуся Таццяна Гацура-Яворская.
Сын, калі вярнуўся з крамы, то расказаў, што яго правяралі ў асобным пакоі. Глядзелі, ці не скраў ён нешта ў краме. Як разлічыўся на касе, то адразу адвялі. Праверылі заплечнік і адпусцілі ― там нічога не было
Па яе словах, што 14-гадовы Кастусь часта ходзіць у краму за прадуктамі адзін і раней ніякіх праблем з ахоўнікамі не меў. Нягледзячы на тое, што, па меркаванні сына, ахоўнікі паводзілі сябе карэктна, Таццяна піша скаргу на іх дзеянні ў Дэпартамент аховы, які выдае ліцэнзіі шматлікім службам бяспекі. Яна заўважае, што абшукваць непаўналетніх без прысутнасці іх бацькоў ― ненармальна. Адказ на скаргу прыходзіць праз два тыдні. Там гаворыцца, што праверка парушэнняў не выявіла:
"У ходзе праверкі інфармацыі, названай ў Вашым звароце, былі запатрабаваны і вывучаны запісы сістэмы відэаназірання крамы "Гіпа", размешчанай па адрасе: г.Мінск, ул.Сухараўская, 31, устаноўлены і апытаны ахоўнікі, якія працавалі 3 мая 2016 года. Інфармацыя, змешчаная ў Вашым звароце аб супрацьпраўных дзеяннях ахоўнікаў крамы "Гіпа" ў дачыненні да Вашага непаўналетняга сына, не знайшла свайго пацверджання".
Адказныя асобы з Дэпартамента аховы таксама паведамляюць Таццяне, што яна мае права абскардзіць вынікі праверкі ў арганізацыі, якая наймала ахоўнікаў, альбо ў судзе. Прыкладна тое самае ў Дэпартаменце аховы адказваюць і на запыт Еўрарадыё.
Непрыемная гісторыя адбываецца 3 траўня ў мінскім супермаркеце "ГІПА"на вуліцы Сухараўскай, 31.
У службе бяспекі супермаркета "ГІПА" Еўрарадыё паведамілі, што каментаваць сітуацыю пакуль не гатовыя. Супрацоўнік адміністрацыі, які не пагадзіўся назваць сваё імя, лічыць, што гісторыя можа быць выдуманай і ў ёй трэба разбірацца
Таццяну Гацура-Яворскую здзіўляе той факт, што падчас праверкі былі вывучаны відэаматэрыялы, хаця ніхто з правяраючых не мог ведаць, як выглядае яе сын Кастусь.
Пакуль яна не перастала карыстацца паслугамі крамы "Гіпа". Толькі цяпер бацькі навучылі сына, што ў выпадку новага вобыску супрацоўнікамі крамы ён мусіць адразу патэлефанаваць бацькам.