Дэпартаваны з Польшчы беларус перайшоў на бок РБ
Дзмітрый Смактуновіч на нейтральнай паласе
Дзмітрый Смактуновіч, дэпартаваны з Польшчы, перайшоў на беларускі бок мяжы, піша "Медыязона". Цяпер ён праходзіць мытны кантроль.
Ягоная жонка Наталля заявіла журналістам, што польскія памежнікі спрабавалі распыляць у яго бок слезацечны газ. Перад гэтым польскія памежнікі перакрылі рух на мяжы з Беларуссю ў сувязі з знаходжаннем Смактуновіча на нейтральнай тэрыторыі.
Як распавядала Еўрарадыё, 11 чэрвеня Смактуновіча дэпартавалі з Беластока, дзе ён працаваў таксоўцам. Паводле жонкі, падставай стаў ануляваны літоўскі ВНЖ. Таксама пазней стала вядома, што год таму мужчыну затрымлівалі за нелегальную перавозку мігрантаў з Беларусі ў Польшчу. Павел Латушка ў сваім тг-канале са словаў польскіх памежнікаў сцвярджае, што менавіта нелегальная перавозка мігрантаў стала падставай для дэпартацыі Смактуновіча.
Мужчына асцерагаецца палітычнага пераследу на радзіме, бо ў сацсетках каментаваў падзеі ў Беларусі з 2020 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.