Дэпутат Рады: За невыкананне пастановы парламента — крымінальная адказнасць

Увечары 20 лютага Вярхоўная Рада Украіны прыняла пастанову, у якой асудзіла гвалт ва Украіне і забараніла антытэрарыстычную аперацыю СБУ. “Кабміну, МУС, Мінабароны, СБУ тэрмінова спыніць ужыванне сілы, выкарыстанне зброі і забароненых спецсродкаў”, а таксама “вярнуць у месцы дыслакацыі міліцыянтаў і вайскоўцаў”, напісана ў пастанове.

Але ці падпарадкуюцца гэтаму рашэнню праваахоўнікі, ці мае яно юрыдычную моц? На гэтыя пытанні Еўрарадыё адказвае дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Паўлоўскі.

Андрэй Паўлоўскі: Пастановы Вярхоўнай Рады абавязковыя да выкання па ўсёй тэрыторыі Украіны, як і законы. Як вы ведаеце, у пастанове ёсць рашэнне, што ўсе вайсковыя і міліцэйскія часткі павінны вярнуцца ў месцы сваёй пастаяннай дыслакацыі. Праваахоўнікам забаронена падчас, скажам так, кантактаў з пратэстоўцамі выкарыстоўваць агнястрэльную зброю. І Днепрапятроўская паветрана-дэсантная дывізія выканала пастанову Вярхоўнай Рады і адмовілася ехаць у Кіеў, спасылаючыся на гэтую пастанову. Так што вынікі мы ўжо маем.

Еўрарадыё: Ці выконваюць пастанову падраздзяленні “Беркута”, якія прыехалі ў Кіеў з іншых гарадоў, — яны вяртаюцца дадому?

Андрэй Паўлоўскі: Пэўная іх частка выйшла з Кіева, але частка, тыя, хто знаходзіцца ў раёне Вярхоўнай Рады, па-ранейшаму тут застаюцца.

Еўрарадыё: Ці павінен Віктар Януковіч зацвердзіць прынятую парламентарыямі пастанову?

Андрэй Паўлоўскі: Не. У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, Януковіч не мае права зацвярджаць пастановы Вярхоўнай Рады — яны юрыдычна самадастатковыя. І абавязковыя да выканання!

Еўрарадыё: Ці можа так быць, што міністр унутраных спраў адмовіцца выконваць пастанову парламента?

Андрэй Паўлоўскі: За невыкананне нарматыўных дакументаў Вярхоўнай Рады прадугледжана крымінальная адказнасць. Невыкананне стане крымінальным злачынствам.

Еўрарадыё: А што за пагадненне “Аб урэгуляванні канфлікту” будзе а 12-й гадзіне падпісана ў прэзідэнцкай адміністрацыі?

Андрэй Паўлоўскі: Не ведаю. Сёння да 8-й ранку міністры замежных спраў Германіі, Польшчы, прадстаўнік Расіі, лідары апазіцыі сядзелі ў Януковіча і размаўлялі пра мірны спосаб, хаця б перамір’е аб’явіць для спынення кровапраліцця. Гэта нешта падобнае на Дэкларацыю пра мірны намер, ці нешта такое — дакладна пакуль не ведаю. Я стаю ля ўваходу ў Вярхоўную Раду, аточаную ўнутранымі войскамі і “Беркутам”, і да мяне падыходзяць іх камандзіры і кажуць: “Вырашайце ўжо нарэшце, мы так стаміліся, мы не хочам браць удзел у гэтай грамадзянскай вайне”. З абодвух бакоў барыкад разумеюць, што ўлада проста хоча іх выкарыстаць, і за свае наседжаныя месцы прымушаюць адных людзей кідацца на другіх.

Еўрарадыё: Дык вы ж учора ўсё вырашылі — хай карыстаюцца вашай пастановай і сыходзяць!

Андрэй Паўлоўскі: Мы прынялі рашэнне, але цяпер трэба, каб Януковіч альбо падаў у адстаўку, альбо даў асабісты загад “Беркуту”, альбо — звольніў Захарчанку (міністр унутраных спраў Украіны. — заўв. Еўрарадыё). Ён мае на гэта права. Бо пакуль будзе заставацца дзеючы міністр унутраных спраў, будзе ўсё працягвацца — каманду снайперам можа аддаць толькі міністр унутраных спраў, больш ніхто. І тое, што ўчора ў Кіеве снайперы забілі каля 70 чалавек, — гэта асабістая віна міністра ўнутраных спраў Захарчанкі. А яму можа даць загад толькі Януковіч — гэта зразумела.

Еўрарадыё: Ці можна казаць, што калі міністр унутраных спраў не падпарадкоўваецца пастанове Вярхоўнай Рады і чакае асабістага загаду прэзідэнта, каб аддаць адпаведны загад снайперам і “Беркуту”, то ён парушае закон?

Андрэй Паўлоўскі: Так.

Фота: obozrevatel.com, http://nbnews.com.ua/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі