ДФР узяўся за аршанскага актывіста Ігара Казмерчака
Дэпартамент фінансавай разведкі Камітэта дзяржкантролю ўзяўся за аршанскага актывіста Ігара Казмерчака.
2 кастрычніка прайшоў ператрус у "Цудоўнай краме" Казмерчака, дзе прадаецца нацыянальная атрыбутыка. Па словах актывіста, ператрус доўжыўся 6 гадзінаў. Потым мужчыну некалькі разоў выклікалі на допыт.
8 кастрычніка ператрус прайшоў у Казмерчака дома: "О, новы вобшук. Цяпер ужо дома. Але справіліся хутка, амаль за паўгадзіны... А на 9 раніцы на заўтра павестка да іх жа. Хочуць зусім-зусім са мной на "блізкай назе" быць. "Ні дня без Казмерчака!" — такі плакат трэба павесіць унутры аршанскага ДФР", — іранізуе актывіст у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Таксама Казмерчак паведаміў, што сілавікі пачалі ціснуць на рамеснікаў, з якімі працуе "Цудоўная крама".
Сілавікоў цікавіў і сайт orsha.eu, заснавальнікам якога з'яўляецца Казмерчак. "Значная частка папярэдніх допытаў тычылася таго, колькі, як і хто плаціць за рэкламу на сайце", — піша orsha.eu.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.