Для турыстаў, якія завіслі ў кіеўскіх аэрапортах, арганізуюць гуманітарныя рэйсы
Для турыстаў, якія завіслі ў кіеўскіх аэрапортах, арганізуюць гуманітарныя рэйсы. Паводле агенцтва УНІАН, дастаўкай каля 850 пасажыраў зоймецца авіякампанія BravoAirways, чые рэйсы былі адмененыя. Перавозчык абавязваецца даставіць людзей у пяць пунктаў прызначэння сваім коштам.
Адмены і затрымкі рэйсаў пачаліся ў суботу, 30 чэрвеня — BravoAirways заявіла, што тураператар OASIS цягам двух гадоў не выконваў свае фінансавыя абавязанні і нарасціў вялікую запазычанасць. Праз гэта авіяперавозчык спыніў свае рэйсы. Закладнікамі гэтага канфлікту сталі і многія беларусы, якія ляцелі на адпачынак праз Кіеў. Апроч BravoAirways рэйсы затрымлівае авіякампанія AndaAir.
Раней МЗС Беларусі рэкамендаваў грамадзянам нашай краіны звяртацца да сваіх тураператараў перад паездкай у Кіеў.