Дробыш: Было некалькі званкоў, што мы з IVAN ледзь не здрадзілі Расіі

Дробыш: Было несколько звонков, что мы с IVAN чуть ли не предали Россию

Прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні-2016" будзе Аляксандр Іваноў пад псеўданімам IVAN з Гомеля, які жыве і працуе ў Маскве. Як заведзена ў нашай краіне, вынікі галасавання выклікалі чарговы скандальчык. Віктара Дробыша, прадзюсара Аляксандра Іванова і аўтара яго песні "Help you fly", абвінавацілі ў куплі галасоў тэлегледачоў. Пра тое, ці была сумленнай перамога, хто мог скласці канкурэнцыю IVAN, як будзе выглядаць яго нумар і ці не плануецца перакласці песню на беларускую мову, Еўрарадыё вырашыла запытацца ў самога Віктара Дробыша, якога ўдалося знайсці ў ЗША.

 

Еўрарадыё: Ці былі вы ўпэўнены першапачаткова, што IVAN выйграе нацыянальны адбор і стане прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні"?

Віктар Дробыш: Калі б я не быў упэўнены ў Сашы і ў песні, то і не адпраўляў бы заяўку на конкурс. Нацыянальны адбор — гэта вельмі важна. Саша павінен прадстаўляць Беларусь у Еўропе, а гэта ўсё-ткі яго родная краіна і часткова мая родная краіна, таму гэта вялікая адказнасць. Вядома, перад тым, як падаваць заяўку, мы ўзважылі ўсе "за" і "супраць".

Еўрарадыё: Вы цяпер знаходзіцеся ў ЗША, ці атрымалася паглядзець адбор?

Віктар Дробыш: Так, я глядзеў. На шчасце, удалося паглядзець усё цалкам.

Еўрарадыё: Ці былі нумары, якія маглі скласці канкурэнцыю Сашы?

Віктар Дробыш: На самай справе, узровень быў даволі высокі. Мне спадабаўся гурт "Радиоволна" і дуэт Navi.

Еўрарадыё: У якой меры Вы працягнеце ўдзельнічаць у падрыхтоўцы IVANа да выступу ў Швецыі?

Віктар Дробыш: Я пакуль не ведаю, можа, ёсць нейкія правілы, якія нельга ламаць. Але ўсё, што ад мяне патрабуецца, я, натуральна, буду рабіць, як гэта рабіў заўсёды. Я прылячу праз тыдзень, і трэба будзе працаваць і працаваць, таму што мы павінны прадстаўляць родную краіну на "Еўрабачанні".

Еўрарадыё: Ужо планавалі, колькі грошай ўкладзяце ў падрыхтоўку Сашы?

Віктар Дробыш: Справа зусім не ў грошах. Напрыклад, калі я зрабіў "Буранаўскіх бабуль", то асаблівых затрат і не было. І ў выніку яны занялі другое месца. Але тады Loreen была вельмі моцнай. Калі б не Loreen, яны маглі б нават выйграць. Таму я лічу, што выдаткі павінны быць дарэчнымі. Уся гэтая цыганшчына вакол можа выклікаць толькі адмоўныя эмоцыі ў людзей.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што былі ўпэўненыя ў тым, што IVAN стане прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні". На Вашу думку, як ён выступіць у Швецыі: ці пройдзе ў фінал і, калі пройдзе, то на якое месца можа разлічваць?

Віктар Дробыш: Будзем рабіць усё для таго, каб ён выступіў годна і добра. Далей будзем глядзець. Я пакуль нават не ведаю, хто яшчэ што прыдумаў для гэтага "Еўрабачання". Самая галоўная для мяне адметная рыса Сашы ад многіх іншых артыстаў, якіх я бачу, — ён малады, сімпатычны, валодае не проста выдатным голасам, а яшчэ і добрым музычным густам і культурай, якія прышчапілі яму яго бацькі. Усмешка. Ён добры чалавек. Мне здаецца, што дабрыня — гэта тое, чаго цяпер не зусім хапае людзям. Вось гэта самае важнае. Цяпер у асноўным вялікая колькасць усякага гаўна. Вось, напрыклад, Саша прайшоў. Першыя некалькі званкоў з Расіі ад сродкаў масавай інфармацыі былі пра тое, што мы ледзь не здрадзілі Расіі. Замест таго, каб парадавацца і зразумець, што мы самыя блізкія народы, мне спрабуюць у інтэрв'ю задаваць дэбільныя пытанні. А я павінен ім распавядаць, што мой бацька беларус, а маці руская. І што, я павінен адмовіцца ад таго ці ад іншага? Шмат негатыву. Таму самае галоўнае, што ён сам па сабе нясе дабро: і сваёй знешнасцю, і сваёй усмешкай, і сваім поглядам. Мне здаецца, што гэта будзе падкупляць.

Еўрарадыё: У Беларусі, як правіла, адбор на "Еўрабачанне" праходзіць са скандаламі. На гэты раз спрэчкі выклікала сістэма галасавання. Прадзюсар аднаго з гуртоў нават прызнаўся ў "накрутцы" галасоў, у тым, што "купіў" 10 тысяч СМС. Многія лічаць, што раз у Вас грошай шмат, то і магчымасцяў накруткі было больш. Скажыце шчыра, накручвалі?

Віктар Дробыш: Я не ведаю, хто гэта сказаў, хто гэты прадзюсар, але перадайце яму, што ён дурань, і, хутчэй за ўсё, дрэнны прадзюсар. Спрабаваць чагосьці накручваць і перамагчы нейкім несумленным спосабам на першым этапе — гэта закласці сабе бомбу на другі, асноўны этап. Ты ўжо адстойваеш гонар не проста свайго артыста ці сябе, а гонар краіны, ты ставіш пад удар ўсё. Перавядзіце музыку ў спорт. Уявіце, што вы спартсмен, падкруцілі сабе вынікі, прарваліся ў зборную Беларусі і будзеце прадстаўляць яе на Алімпіядзе. На Алімпіядзе вас усе, як сабаку разарвуць на кавалкі. І што ад гэтага добрага?

Калі ты хоць трошкі прафесіянал, ты выдатна усведамляеш, што ты робіш, калі трэба чагосьці падкручваць, а калі не трэба. Працуе непасрэдна сама музыка, а гэтае ўсё глупства вакол яе — я яго як раней ненавідзеў, так і цяпер не люблю.

Я яшчэ ў снежні паляцеў у Амерыку і так часам проста глядзеў па Скайпе, як хлопцы рыхтуюцца. Таму мне нават думкі такой не прыходзіла ў галаву. Мне здаецца, што гэта першапачаткова няправільна, гэта глыбока непрафесійна, местачкова і па-дурному.

Зразумела, што прасіць сяброў галасаваць — гэта не караецца. Але гэта нават нецікава. Я думаю, гомельскія сябры і родныя Сашы таксама ўсе галасавалі. Але мы не прыкладалі ніякіх намаганняў, каб зрабіць нейкія там накруткі. Я ў Амерыцы не галасаваў. Хоць я лічу, што ўсе мае артысты вельмі моцна любяць Сашку: і Стас П'еха, і Слава, і Ціна Караль, і Ваенга — проста ўсе. І я ўпэўнены, што на сваіх сайтах яны заклікалі галасаваць за Сашку, падтрымаць яго.

Дробыш: Было несколько звонков, что мы с IVAN чуть ли не предали Россию

Еўрарадыё: IVAN паедзе ў Швецыю з той жа песняй "Help you fly", з якой перамог або, можа быць, плануеце яе памяняць? У нас ужо здаралася такое.

Віктар Дробыш: Калі чалавек перарабляе песню, значыць, ён не ўпэўнены ў папярэдняй. А калі ён не ўпэўнены ў папярэдняй, якога хрэна ён ішоў на адбор? Чаго людзей блытаць? Іншая справа, што трэба вельмі якасна падысці да выбару нумара. Зрабіць так, каб гэта было выдатна, кранальна. Я ўжо кантактую з рознымі людзьмі. Хачу папрасіць і Макса Фадзеева дапамагчы. Магчыма, гэта будзе нейкі мульцік ззаду, магчыма, гэта будзе нават галаграма. А магчыма, наогул нічога. Усё залежыць ад гісторыі, якую мы прыдумаем.

Еўрарадыё: У верасні кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі заяўляла, што будзе шукаць кампазіцыю на беларускай мове, менавіта роднай мовы будзе аддадзеная перавага. Не плануеце перакласці "Help you fly" на беларускую менавіта для выступлення на "Еўрабачанні"?

Віктар Дробыш: Думаю, што такая заява — гэта трошкі заляцанне з насельніцтвам. Я лічу, што гэтага рабіць не трэба. Справа не ў тым, што вам не хапае патрыятызму. Але калі ты выходзіш на Еўропу, то, напэўна, лепш выкарыстоўваць мову, на якой цябе будуць разумець усе. Гэта не той выпадак, калі трэба ўпірацца ў тое, што вось толькі наша родная мова і ўсё. Беларусь — цудоўная краіна, выдатныя людзі, выдатны прэзідэнт, але гэта не значыць, што трэба хадзіць і спяваць абавязкова на беларускай. Іншая справа, што Сашка можа праспяваць песню на беларускай у прынцыпе. І яму трэба будзе праспяваць.

А мне наогул хочацца напісаць песню пра Беларусь. Папрацаваць з кімсьці з аўтараў і зрабіць такую рокавую, прыгожую песню, якой бы можна было ганарыцца. Ведаеце, вось хочацца! Але "Еўрабачанне" — гэта не той выпадак, калі трэба ўпірацца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі