Дубарэзава заняла 11-е месца ў біятлонным спрынце ў Канціялахці

Беларуская біятланістка Анастасія Дубарэзава заняла 11-е месца ў жаночай спрынтарскай гонцы. Гонка адбылася ўвечары 7 сакавіка ў рамках чэмпіяната свету па біятлоне, які праходзіць у фінскім Канціялахці. Дубарэзава стартавала ў сярэдзіне гонкі і няблага справілася са стральбой, дапусціўшы толькі два промахі. На фінішы яна прайграла лідару 1 хвіліну 10,6 секунды.

Дар’я Домрачава, з якой звычайна звязаныя надзеі беларускай зборнай на медалі, дапусціла ажно пяць промахаў на двух агнявых рубяжах. Яе і іншых спартсменак, якія стартавалі ў пачатку, падвяло кепскае надвор’е — моцны снегапад быў у пачатку гонкі, а ў другой яе палове спыніўся. У выніку Дар’я фінішавала 25-й. А яе саперніца ў барацьбе за Вялікі Крышталёвы глобус, фінка Кайса Макярайнен, фінішавала 33-й. Цяпер у агульным заліку з вылікам дзвюх найгоршых гонак Домрачава апераджае Макярайнен на 27 ачкоў. У гонцы пераследу яна мае шанец павялічыць адрыў, бо фінка стартуе на 23 секунды пазней за беларуску.

Няўдалай была гонка і для беларусак Надзеі Пісаравай (50-е месца) і Надзеі Скардзіна (70-е).

Пераможцай стала францужанка Мары Дарэн Абэр, другое месца ў полькі Веранікі Навакоўскай-Земняк, а на трэцім месцы ўкраінка Валянціна Семярэнка.

Ілюстратыўнае фота з сайта ugranow.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі