"Думаеце, тут платы ўжо ставяцца?" Куды кітайскіх студэнтаў павязуць на каранцін
Людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з Кітая, будуць на 14 дзён ізаляваць у аздараўленчым лагеры “Брыганціна” пад Мінскам. Лагер ператвараецца ў часовую каранцінную базу — па аналогіі з цюменскім санаторыем “Горадабудаўнік”, дзе ізалююць тых, каго эвакуявалі з Кітая ў Расію.
Найбліжэйшым часам у Беларусь з навагодніх святаў пачнуць вяртацца кітайскія студэнты. Яны і стануць першымі “наведвальнікамі” закрытай на каранцін “Брыганціны”. Тэлеканалу “Белсат” гэтую інфармацыю пацвердзілі ў лагеры. Аднак калі туды звярнуўся карэспандэнт Еўрарадыё, яму расказалі, што гэта пакуль што толькі чуткі і ніякіх спецыяльных умоў для патэнцыйна хворых на каранавірус у “Брыганціне” не ствараецца.
“Вы думаеце, тут платы ўжо ставяцца? — пытаюцца ў Еўрарадыё ў лагеры. — У нас звычайныя нумары, ніякіх змен няма. Лагер дзіцячы ўяўляеце? Чуткі ходзяць, але пакуль нічога не ведаем.
Цяпер мы ў звычайным рэжыме для гэтага сезона. Зімой не працуем, а летам лагер для дзяцей з Мінска. Зімой у нас ёсць толькі заезды выхаднога дня, але цяпер наведвальнікаў няма”.
Па словах супрацоўніцы лагера, заяўкі на адпачынак, якія пакінулі людзі, ніхто не адмяняў: “Брыганціна” працуе ў звычайным рэжыме.
Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу Міністэрства аховы здароўя пацвердзіла інфармацыю, што лагер будзе прымаць кітайскіх студэнтаў.
“Для тых, хто прыбывае з Кітая, падрыхтаваны месцы ў аздараўленчым цэнтры “Брыганціна” БДУ. Цяпер у аздараўленчы цэнтр накіраваны спецыялісты. Тут усё падрыхтавана для таго, каб людзі маглі камфортна правесці два тыдні. Усе медыцынскія супрацоўнікі, якія будуць працаваць у аздараўленчым лагеры, прайшлі дадатковую падрыхтоўку”, — паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Па звестках Міністэрства адукацыі, цяпер у Беларусі навучаюцца каля 5 тысяч студэнтаў з Кітая. На вакацыі за межы краіны выехалі 920 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.