Дуня Міятавіч: “Для мяне адчынілі ўсе дзверы”

Следам за дакладчыкам дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Юстасам Палецкісам у Мінск прыехала прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч.



“Я рада, што для мяне адчынілі ўсе дзверы — ад Адміністрацыі прэзідэнта да парламента і МЗС”, — падзялілася сваёй рэакцыяй на запрашэнне беларускіх уладаў наведаць нашу краіну прадстаўнік АБСЕ.



Апошні раз Дуня Міятавіч была ў Мінску за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Пасля выбараў і Плошчы яна некалькі разоў звярталася ў МЗС Беларусі з просьбай дапамагчы ў арганізацыі візіту, але ніякага адказу не атрымала.



Цяпер прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ прыехаць папрасілі самі беларускія ўлады. Падставай стаў семінар-трэнінг для беларускіх журналістаў на тэму развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі. Міятавіч папрасілі распачаць мерапрыемства.



“Рэгуляванне інтэрнэту ўрадам не павінна ажыццяўляцца за кошт прыціскання свабоды выказванняў і свабоды плыні інфармацыі”, — заявіла ва ўступным слове Міятавіч і накіравалася на сустрэчу з кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі журналістаў і тымі журналістамі, што атрымалі за сваю прафесійную дзейнасць “суткі”, адміністрацыйныя і крымінальныя справы.



Высвятляецца, гэта сустрэча — “падрыхтоўчая”. Наперадзе ў прадстаўніцы АБСЕ візіты ў Адміністрацыю кіраўніка краіны, Палату прадстаўнікоў, Вярхоўны суд, Міністэрства інфармацыі і сустрэча з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. “Для мяне адчынілі ўсе дзверы!" — здзіўлена дзеліцца графікам сустрэч Дуня Міятавіч.



І… адмаўляецца ад любых каментароў з нагоды свайго прыезду ў Мінск. Маўляў, усё — пасля сустрэч з чыноўнікамі.


Затое не хавае сваіх спадзяванняў на госцю з Вены старшыня БАЖ Жанна Літвіна.



Жанна Літвіна: “Без сур’ёзных зменаў у заканадаўстве, з практыкай прымянення закона “Аб СМІ” ў нас няма будучыні. Першым крокам у прасоўванні ў накірунку дэмакратычных пераўтварэнняў павінны быць тры ўмовы: мараторый на прымяненне артыкула Крымінальнага кодэксу, звязанага з дыфамацыяй (распаўсюду ў друку чутак, якія ганяць гонар і дзелавую рэпутацыю. — заўв. Еўрарадыё), увядзенне заяўнага прынцыпу акрэдытацыі і спыненне практыкі затрымання журналістаў падчас выканання імі прафесійных абавязкаў”.



Не вельмі беларускія журналісты вераць у такія змены, бо адначасова выказваюць спадзяванні, каб рэакцыя еўрапейскіх структур на іх затрыманні была не праз тыдзень ці месяц, а адразу. Прычым — жорсткая.



“Голас міжнародных арганізацый, Дуні Міятавіч улады чуюць, і ён улічваецца падчас вырашэння лёсу той ці іншай справы”, — упэўнены юрыст Алег Агееў.



Сваімі ўражаннямі ад сустрэч з дзяржчыноўнікамі Дуня Міятавіч паабяцала падзяліцца з Еўрарадыё ўжо ў аўторак.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі