Дырэктар БелаПАН Ірына Леўшына застанецца пад вартай яшчэ на два месяцы
Ірына Леўшына была затрыманая 18 жніўня / БелаПАН
Дырэктару і галоўнаму рэдактару інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыне Леўшынай на два месяцы працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, паведаміла калегам яе дачка Ганна, перадае БелаПАН.
Леўшына была затрыманая 18 жніўня.
Пасля двух месяцаў утрымання пад вартай таксама ня быў вызвалены былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў. Афіцыйнай інфармацыі пра падаўжэнне яму меры стрымання пакуль няма.
Ірыне Леўшынай і Дзмітрыю Наважылаву прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне ўрону ў буйным памеры).
Як паведамляла Еўрарадыё, праваабаронцы прызналі палітвязнямі трох супрацоўнікаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Акрамя Леўшынай і Наважылава, гэта бухгалтар агенцтва Кацярына Боева. Першапачаткова ім інкрымінавалі арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, ці ўдзел у іх).
Праваабаронцы расцэньваюць ператрусы ў БелаПАН і затрыманне яго супрацоўнікаў "працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.